Экспанаты Нацыянальнага музея Султаната Аман пакажуць у Менску



 Нацыянальны мастацкі музей Беларусі рыхтуе вялікі міжнародны выставачны праект з Нацыянальным музеем Султаната Аман, паведаміла вучоны сакратар НММ Святлана Анейка.

„Праект, з рабочай назвай „Аман: жамчужына Усходу”, будзе працаваць з 19 верасня па 19 студзеня, – расказала вучоны сакратар. – Выстава размесціцца ў залах нашай усходняй экспазіцыі і прадставіць каля ста прадметаў ХХ-ХХІ стагоддзяў: касцюмы, тканіны, кераміку і, магчыма, зброю, якія дэманструюць высокі ўзровень дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўсходніх краін. Таксама мы рыхтуем вялікую суправаджальную праграму для дарослых і дзяцей”.

Святлана Анейка падкрэсліла, што гэты праект не камерцыйны, наведаць яго можна будзе па пастаянным білеце ў музей. „Спадзяюся, беларусам будзе цікава азнаёміцца з усходнім мастацтвам, убачыць эксклюзіўныя экспанаты”, – дадала яна.

У верасні адкрыецца і выстава, прысвечаная творчасці народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі. „Мы пастараемся зрабіць вялікую рэтраспектыўную экспазіцыю, якая ахопіць усю творчасць майстра. Будуць прадстаўлены карціны з калекцый як нашага музея, так і яго сям’і. Яны максімальна прадставяць усе напрамкі, у якіх працаваў мастак”, – адзначыла вучоны сакратар.

Запланаваны на верасень таксама праект пра расейска-французскую мастачку з беларускімі каранямі Надзею Хадасевіч-Лежэ. „Спадзяёмся, што пакажам жывапісныя і графічныя работы, якія прыналежаць прыватным калекцыянерам Францыі. Гэтыя карціны ніколі не былі ў Беларусі, таму што стварала мастачка іх у позні перыяд жыцця менавіта ў Францыі, і захоўваліся яны ў спадкаемнікаў там жа. Мы пастараемся паказаць розныя па тэматыцы карціны, сярод якіх, напрыклад, будзе работа, навеяная вобразам Леніна”, – анансавала Святлана Анейка.

Акрамя таго, мастацкі музей стане ўдзельнікам IV Нацыянальнага форуму „Музеі Беларусі”, які пройдзе 4-6 кастрычніка ў Берасці. „У адной з намінацый прадставім нашы праекты інклюзіўнага напрамку, а таксама адлюструем цяперашні стан музея і апошнія выдавецкія навінкі. Яшчэ рыхтуем інтэрактыўную частку для наведвальнікаў, каб яны не засумавалі”, – падзялілася вучоны сакратар.

НММ распрацоўвае віртуальны даведнік з тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці. „Часта людзі блытаюцца ў залах, і мы вырашылі стварыць мабільны дадатак, у якім прапануем некалькі маршрутаў па музеі”, – рэзюмавала Святлана Анейка.

belta.by