“Elen Carott” пакажуць на гістарычных аўторках у Гародні
Адная з найлепшых у Беларусі вытворцаў традыцыйнага і стылізаванага адзення майстэрня „Elen Carott” завітае ў гарадзенскую „Краму Ц” на чарговы гістарычны аўторак.
Жанчыны раскажуць, як усё распачалося, у чым асаблівасці іх вышыванак, раскажуць пра строі, арнамент, каноны вышыўкі яго на адзенні, падзеляцца меркаваннем наконт інтэграцыі традыцыі ў сучаснасць, а таксама прэзентуюць некаторыя мадэлі свайго вырабу, у тым ліку і доўгачаканую школьную форму для маладых беларусаў.
Пра сустрэчу распавядае Андрэй Несцяровіч, арганізатар “Гістарычных аўторкаў” У Гародні:
– Яны захапляюцца тым, што робяць, імкнуцца пашырыць і распаўсюдзіць беларускую культуру ў сучасны свет, спрабуюць увесці кананічныя элементы архаікі ў сучасныя строі з захаваннем асноў. Яны робяць сапраўды вельмі якасныя вышыванкі і адзенне, адаптуючы яго пад сучаснасць.
Гарадзенскія гістарычныя аўторкі за апошнія некалькі месяцаў сталі новай традыцыяй гораду. На іх ужо паспелі выступіць Андрэй Вашкевіч і Віктар Саяпін, Міхал Анемпандыстаў і Аляксей Кайрыс.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота vk.com