«Эмігранты» Вольскага



У Лявона Вольскага 14 верасня Дзень Нараджэння, да чаго кампазітар і аўтар-выканаўца прымеркаваў выхад свайго новага альбому «Эмігранты».

Каму скажы яшчэ адносна нядаўна, што Лявон Вольскі выдасць гадзінны музычны прадукт з тузінам песень у кантэксце вымушанай эміграцыі як самага аўтара, гэтак і тысяч і тысяч ягоных прыхільнікаў, – не паверылі б.

Стылістыку альбому «Эмігранты» я бы назваў сумессю двух праектаў Лявона Вольскага – іранічнага «Крамбамбуля» і сатырычнага «Саўка ды Грышка», месцамі з адсылкамі да «Народнага Альбому».

Матывы тэкстаў будуць пазнавальнымі вымушаным эмігрантам з кожнай краіны. 

Тут і шок ад самага факту тэрміновага ад’езду, для кагосьці спарадкаванай эвакуацыі, а для кагосьці рызыкоўных і драматычных уцёкаў.

Тут і размовы пра тое, што не трэба ўладкоўвацца ў новай краіне, бо хутка вернемся.

Тут і з’яўленне персанажаў, якія знайшлі для сябе новы бізнес: вазіць з той ці іншай краіны ў Беларусь і назад перадачкі.

«Ізраіль», «Каліфорнія», «Польскія касцёлы», «Берлін», «Стоціс», па-літоўску «Вакзал» – такая геаграфія назваў альбому. Хіба яшчэ грузінскага матыву не хапае.

Ёсць у альбоме «Эмігранты» і балючая шмат для каго тэма непаразумення з роднымі, якія ў Беларусі глядзяць дзяржаўную тэлевізію, і вераць, што за Бугам людзі мерзнуць, галадаюць і не мыюцца. І не вераць сваім блізкім, што ўсё гэта прыдумкі прапаганды.

Не буду апісваць іншыя тэмы альбому, каб не спойлерыць. Адно працытую рэфрэн з канцоўкі «Эмігрантаў»: «Раскідала выбухам нас па Зямлі, мы вернемся – толькі куды і калі?»

Асабіста для мяне Лявон Вольскі заўжды быў больш, чым музыкант, і, вядома, больш, чым «тэкставік» для мелодый.

Лявон Вольскі – пясняр.

Гэта чалавек, які тонка і адначасова маштабна адчувае жыццё.

Тое, што адбываецца цяпер з беларусамі – гэта не толькі нашая асабістая справа, як падаецца камусьці і з беларусаў і з замежнікаў.

Чарговы цывілізацыйны выбух адбыўся ва ўсёй усходняй частцы Еўропы, але ягоныя хвалі рана ці позна дойдуць і да больш аддаленых тэрыторыяў планеты.

Лявон Вольскі тонка адчувае не толькі панарамныя падзеі, але і канкрэтных людзей.

У маналогах, дыялогах і наагул вобразах альбому «Эмігранты»  шмат пазнавальнага да дробных дэталяў.

У вымушаных эмігрантаў з Беларусі шмат агульных матываў у іх гісторыях, шмат агульных перажыванняў і канкрэтных сітуацый.

На Дзень Нараджэння Лявона Вольскага, хачу ўсім нам пажадаць салідарнасці і жадання заставацца беларусамі незалежна ад краіны, дзе мы жывем.

Мы не ведаем калі мы вернемся ў Беларусь, бо геапалітычны выбух надта вялікі, каб прагназаваць наступствы.

У кожным разе, калі мы вернемся менавіта ў Беларусь, гэта будзе Новая свабодная краіна.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя