Эпоха Сярэднявечча ў сённяшнім Полацку
З 30 жніўня па 1 верасня ў Полацку праходзіць міжнародны фэст «На шляху з вараг у грэкі». У гарадскім парку разбілі свае лагеры сярэднявечныя ваяры, рассяліліся рамеснікі, кухары распалілі свае вогнішчы, а ўсе ахвотныя маглі паглядзець, як апраналіся, што елі, чым забаўляліся і як змагаліся нашы продкі ў Раннім і Познім Сярэднявеччы. Атмасферу даўніх часоў імітавалі самадзейныя клубы, якія аб’ядноўваюць рэканструктараў – аматараў вывучэння побыту розных гістарычных часоў.
Сяргей Бабенка, кіраўнік віцебскага Народнага клуба «Варгенторн», распавёў пра «ваярскую» частку полацкага фэсту:
– У нас тут і турнір на дзідах, і спаборніцтвы індывідуальнага характару. І турнір такі, эксперыментальны для Беларусі, «Вольны выбар». Гэта двубой з трох раўндаў, і супраціўнікі кожнага разу мяняюць зброю. Вельмі цікавы будзе досвед, таму што ў нас раней такія фарматы яшчэ не праводзіліся.
Паводле Сяргея Бабенкі, адно з самых відовішчных спаборніцтваў – гэта спаборніцтвы так званых «троек» з захопам дракараў – сярэднявечных судоў, прышвартаваных на беразе Дзвіны. Разам з беларускімі гледачамі назіраць за гэтым мелі магчымасці і замежныя госці: фэст «На шляху з вараг у грэкі» – гэта адна з ініцыятываў, якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам праз «Latvia-Lithuania-Belarus Programme». У суседняй Літве таксама шмат рэканструктарскіх клубаў, кажа Гедрус Куяліс, загадчык аддзела гіторыі Рокішскага музею:
– Гэты рух рэканструкцыі вельмі папулярны ў Літве, ёсць шмат клубаў, ёсць шмат фестываляў. У нас таксама ёсць фэст «Меч Рокаса», ён таксама ў сярэднявечным стылі, бываюць рыцарскія баі і вялікі кірмаш. 6-га ліпеня бывае гэты фэст.
Фэст «На шляху з вараг у грэкі» праходзіць адначасова з гарадскім святкаваннем у Полацку: 31-га жніўня адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі адзначаў традыцыйны Дзень горада.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя