Этнацэнтр “Явар” і беларуская глыбінка
Акрамя нашай супольнай Бацькаўшчыны Беларусі ў кожнага з нас ёсць і свая “малая Айчына”: мястэчка, вёсачка ці нават гарадскі квартал.
А ці ведаем мы іх гісторыю? Якія людзі жылі тут раней, якую памяць пасля сябе пакінулі? У што верылі нашыя дзяды, якім багам маліліся, дзе яны пахаваныя?
Этнаграфічны цэнтр “Явар” акурат і займаецца вывучэннем невядомых старонак гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Пры гэтым усе даследаванні вядуцца выключна на голым энтузіязме.
З Ірынай Клімковіч, адным з арганізатараў этнацэнтра “Явар”, гутарыў Марцін Война.
РР: Вы былі адным з ініцыятараў стварэння этнаграфічнага цэнтра “Явар”…
Ірына Клімковіч: Калі нашая краіна набыла ў 90-х гадах незалежнасць, шмат людзей зацікавіліся сваімі каранямі. Сярод беларускіх навукоўцаў узнікла ідэя стварыць цэнтр па вывучэнні культурнай спадчыны. Спачатку нас было трое: археолаг і этнограф Людміла Уладзіміраўна Дучыц, археолаг Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі… і я. У мае абавязкі цяпер уваходзіць арганізацыя экспедыцый і пракладанне маршрутаў.
РР: Паводле якіх крытэрыяў пракладаюцца маршруты?
Ірына Клімковіч: Наша тэма – дахрысціянская гісторыя і этнаграфія. Культавыя ўзгоркі, крыніцы, камяні, курганы… Мы выпраўляемся ў пэўны рэгіён, прытым маршрут распрацоўваем папярэдне. Складаем спіс аб’ектаў, якія хочам агледзіць, апытваем месцічаў… Што і каму расказвалі пра які валун ці якую крыніцу ягоныя дзяды… Усё, што мы бачым, дэталёва фіксуем.
РР: А дзяржава ці нейкія іншыя ўстановы вам неяк дапамагаюць?
Ірына Клімковіч: “Явар” – энтузіясты, і дзейнічаем мы адно з уласнай ініцыятывы. У нас, акрамя навукоўцаў, – і гісторыкі, і пісьменнікі, і журналісты, і іншыя людзі, неабыякавыя да гістарычнай спадчыны нашай краіны. Мы наймаем мікрааўтобус, збіраем людзей, пракладаем маршрут… Вандруем мы па мапе, якая складаецца папярэдне. Напрыканцы вандроўкі кожны ўдзельнік разлічваецца з кіроўцам уласнымі грашыма.
РР: Ці бывалі нейкія навуковыя адкрыцці? Ці сустракалі вы нейкія цікавыя аб’екты, якія не сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры?
Ірына Клімковіч: Такое здараецца амаль у кожнай вандроўцы! Вядома ж, перад паездкай мы дбайна вывучаем усе цікавосткі, зафіксаваныя папярэдне гісторыкамі, этнографамі ды мясцовымі краязнаўцамі… Але бывае, што сустракаеш якога старога, і ён распавядае: “А вы чулі, што ў тым лесе ёсць сакральны валун? А за тым полем – каплічка, збудаваная сялянамі на знак таго, што вёска не вымерла падчас халеры?” Фіксуем мы гэтыя аповяды вельмі дбайна. Усё гэта потым выкарыстоўваецца ў навуковых распрацоўках…
РР: Беларусь, здаецца, уздоўж і ўпоперак даследаваная навукоўцамі…
Ірына Клімковіч: Іншым разам падаецца, што нам ужо няма чаго рабіць у беларускай глыбінцы. Але насамрэч, аказваецца, што заўсёды знойдуцца такія легенды і паданні, якія незафіксаваныя ў адмысловай літаратуры. Заўсёды знойдуцца людзі, якія захавалі тое, пра што ты не ведаў раней. Заўсёды бачыш тое, чаго не чакаў пабачыць.
РР: Колькі яшчэ трэба часу, каб збольшага даследаваць этнаграфію і гісторыю Беларусі?
Ірына Клімковіч: Я думаю, гэта будзе бясконца. Як бясконцы беларускі космас… І ўвесь час адкрываеш для сябе нейкія новыя беларускія нябёсы.
Дзяржаўныя выдаткі на гістарычную навуку і захаванне нацыянальнай спадчыны скарачаюцца ў Беларусі штогод. Магчыма, сітуацыю хоць неяк уратуюць такія энтузіясты.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя