«Этнавандроўкі» ў філіяле Веткаўскага музея (фота)



У Гомелі адкрылася выстава антраполага і фатографа Алены Ляшкевіч «Этнавандроўкі». Працы мастачкі звязаныя з правядзеннем абрадаў ва Усходняй і Цэнтральнай Беларусі, а таксама на Палессі. На адкрыцці выставы прысутнічалі героі фотавыставы  — удзельніцы гурта «Стаўбунскія вячоркі», якія праспявалі абрадавыя песні і частушкі.

Аўтарка выставы Алена Ляшкевіч распавяла, што фотапрацы будуць выстаўляцца ад Вялікадня да Ушэсця.

— Працы будуць вісець на перыяд, калі водзяцца стрэльныя карагоды — то бок тады, калі, як вераць бабулі, Бог ходзіць па зямлі. Бабулі распавядаюць гісторыі, што Бог прыйдзе, паходзіць і прынясе дабрабыт. Паколькі я фотаздымкі экспаную ў Гомелі, то многія працы прысвечаныя Гомельшчыне. Гэта вёска Пагост Жыткавіцкага раёну. А таксама вёска Маркавічы Гомельскага раёну, дзе нядаўна прайшоў абрад Сула.

Загадчык філіяла Веткаўскага музея, дзе праходзіць выстава «Этнавандроўкі» Пятро Цалка патлумачыў, што такое абрад сула.

— Сула – адзін з веснавых абрадаў, які праводзіцца на другі дзень Вялікадня. Падчас сулы жанчыны рытуальнымі дзеяннямі павінныя былі абудзіць зямлю. Сула — гэта страла, якая пранізвае зямлю.  

Адкрыццё выставы суправаджалася частушкамі, традыцыйнымі танцамі пад гармонік гарманіста Віктара Шыпкова, выступамі фолк-праекту «Ягорава гара» і стрэльнымі карагодамі гурта «Стаўбунскія вячоркі».

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Юлія Сівец