На дзіцячым Еўрабачанні прагучыць песня па-беларуску



Мінчанка Надзея Місякова з песняй «Сокал» прадставіць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне-2014», які пройдзе 15 лістапада на Мальце. Гэта стала вядома па выніках рэспубліканскага дзіцячага конкурсу «Песня для „Еўрабачання”», фінал якога адбыўся 29 жніўня ў Белтэлерадыёкампаніі.

Усяго ў адборы ўдзельнічалі 9 сольных выканаўцаў і адзін дуэт. Пераможца вызначаўся галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па прынцыпе 50% на 50%. У выніку аднолькавая колькасць балаў (па 15) набралі Ганна Зайцава, Павел і Ксенія Лашчэўскія, а таксама Надзея Місякова.

Згодна з правіламі конкурсу, калі ў дваіх і больш удзельнікаў аказваецца роўная колькасць балаў, журы адкрытым галасаваннем вызначае лепшага артыста. Эксперты зрабілі свой выбар на карысць Надзеі. Юнай артыстцы 14 гадоў. Яна нарадзілася і жыве ў Мінску. Вакалам займаецца ў ансамблі «Заранак» (Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва ім. Уладзіміра Мулявіна, эстрадная майстэрня Васіля Сянькова). Дзяўчынка паспяхова праявіла сябе ў такіх конкурсах, як „Зямля пад белымі крыламі” (1-е месца), «Маладзічок» (1-е месца), «Кубак Еўропы» (Гран-пры), «Крымскія хвалі» (1-е месца), «Новыя імёны» (1-е месца), «Залатая пчолка» (2-е месца), «Ружа вятроў» (2-е месца), тэлепраект «Я спяваю» і рэспубліканскі радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусi”. Надзея любіць творчасць Ланы Дэль Рэй. Акрамя заняткаў музыкай, любіць танцаваць і складаць вершы.

Словы і музыку да сваёй конкурснай песні Надзея напісала сама. Аранжыроўку трэка дапамог зрабіць беларускі спявак Юзары.

Паводле БелТА.