Еўрапейскі вяшчальны саюз адмяніў „Еўрабачанне”
З-за распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 65-ты міжнародны песенны конкурс „Еўрабачанне”, які павінен быў прайсці ў маі ў Ратэрдаме (Нідэрланды), не адбудзецца, паведамляецца на сайце арганізатара конкурсу — Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС).
„З глыбокім шкадаваннем абвяшчаем пра адмену конкурсу песні „Еўрабачанне-2020” у Ратэрдаме, — гаворыцца ў паведамленні ЕВС. — За апошнія некалькі тыдняў мы разгледзелі мноства альтэрнатыўных варыянтаў, якія дазволілі б правесці „Еўрабачанне”. Аднак з-за нявызначанасці, створанай распаўсюджваннем COVID-19 па ўсёй Еўропе, і абмежаванняў, уведзеных урадамі краін-удзельніц і ўладамі Нідэрландаў, ЕВС прыняў цяжкае рашэнне пра немагчымасць арганізаваць прамы эфір, як планавалася”.
„Мы вельмі ганарымся тым, што кожны год на працягу апошніх 64 гадоў „Еўрабачанне” аб’ядноўвала аўдыторыі, і мы, як і мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце, вельмі засмучаныя тым, што конкурс не адбудзецца ў гэтым маі”, — адзначана ў паведамленні.
Еўрапейскі вяшчальны саюз і яго партнёры працягнуць абмяркоўваць з уладамі Ратэрдама магчымасць правядзення там „Еўрабачання” ў 2021 годзе.
Меркавалася, што сёлета ў „Еўрабачанні” возьме ўдзел 41 краіна. Беларусь на конкурсе павінен быў прадставіць дуэт VAL. Вакалістка Лера Грыбусава і саўндпрадзюсар Улад Пашкевіч з беларускамоўнай песняй „Да відна” занялі першае месца па суме галасавання прафесійнага журы і гледачоў у межах нацыянальнага адбору. Фінальнае шоу адбылося познім вечарам 28 лютага.
Беларусь удзельнічае ў „Еўрабачанні” з 2004 года. У фінал прадстаўнікі краіны выходзілі ў 2007 годзе (Дзмітрый Калдун), 2010-м (гурт „3+2”), 2013-м (Алёна Ланская), 2014-м (Тэа), 2017-м (NaviBand) і 2019-м (Зена). Лепшым стаў вынік Калдуна (шостае месца).
belapan.by