“Ева” як сімвал пратэстаў



Калі нараджэнец беларускага мястэчка Смілавічы, выхадзец з беднай жыдоўскай сям’і і пазней чалец “Парыжскай школы” Хаім Суцін у 1928 годзе маляваў сваю “Еву”, ён і здагадацца не мог, які лёс чакае яго карціну.

 

На радзіме пра Суціна прыгадалі толькі праз дзясяткі гадоў, калі ў “Белгазпрамбанку” рушыў праект пад назвай “Мастакі “Парыжскай школы” з Беларусі”. У 2013 годзе ў межах гэтага праекту на аўкцыёне Sotheby’s “Еву” набылі за 1 мільён 800 тысяч даляраў і яна прыехала ў Беларусь, дзе стала самай дарагой карцінай краіны і трапіла ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. “Белгазпрамбанк” за гады дзейнасці стварыў унікальную карпаратыўную калекцыю, найперш дзякуючы намаганням старшыні праўлення Віктара Бабарыкі.

Пра калекцыю гаварылі, але шырока вядомай у грамадскай прасторы яна стала пасля таго, як супраць топ-менеджараў “Белгазпрамбанка” пачалі крымінальную справу, а тэлеканал “Беларусь 1” паведаміў, што да крымінальнай справы далучана 150 карцін агульным коштам каля 20 мільёнаў даляраў. Нібыта іх рыхтавалі для тэрміновага вывазу за мяжу, каб там прадаць за вялізныя грошы на аўкцыёнах. Віктар Бабарыка ўжо тады выказаў вялікае здзіўленне, бо навошта з вялікімі цяжкасцямі збіраць і вяртаць карціны ў Беларусь, каб пазней зноў іх вывозіць. Тым больш, што карціны належаць акцыянерам банка. Не паверыла ў версію следства і грамадскасць. А пасля таго, як быў арыштаваны і сам Віктар Бабарыка, “Ева” стала часткай вулічных акцый і пратэстаў, з’явілася на кашульках і сумках, на сцікерах і паштоўках, на перформансах і акцыях салідарнасці. Яна стала сімвалам нязгоды і абсурднасці дзеянняў уладаў. Праўда, пра лёс самой карціны і іншых канфіскаваных твораў мастацтва з таго часу было мала вядома. Да ўчарашняга дня, калі сталічная галерэя „Арт-Беларусь” зноў прадставіла працы з карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”, у тым ліку знакамітую “Еву”. Карціна вярнулася на сваё месца, а вось Віктару Бабарыку пакуль не шчасціць. Днямі стала вядома, што абвінавачанне запрасіла для яго 15 гадоў зняволення за нібыта легалізацыю сродкаў, здабытых злачынным шляхам, і ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Віктар Бабарыка сваёй віны не прызнаў, яго абарона даводзіць абсурднасць выстаўленых абвінавачанняў. На жаль, наўрад ці суд да гэтага прыслухаецца.

Беларускі мастак Сяргей Шабохін, які жыве ў Польшчы, стварыў калаж, у якім змясціў “Еву” у цэнтр сесійнай залы “парламента” Беларусі. Ён патлумачыў: “Поза і погляд “Евы” супрацьпастаўлены, як маўклівы папрок, парламенту Беларусі. Дакладна таксама цяпер стаяць людзі на вуліцах, заклікаючы ўлады да сумлення і справядлівых выбараў”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.