Унікальны абрад, які захаваўся толькі ў адной вёсцы Беларусі



На пінскім Палессі ў Пінкавічах у нядзелю справяць унікальны абрад «Проводна нэділя». Абрадавы песенна-харэаграфічны комплекс адроджаны тры гады таму мясцовым Народным фальклорна-этнаграфічным калектывам «Крыніцы». Ён праводзіцца ў першы тыдзень пасля Вялікдня і сімвалізуе прыход вясны.

Мастацкі кіраўнік «Крыніц» Ігар Няхайба паведаміў, што абрад спраўляецца толькі ў Пінкавічах:

– Каб пашырыць нашыя традыцыі, звычаі. Вось напрыклад, у нас ёсць такі абрад “Праводны тыдзень”, які занесены ў Рэспубліканскі статут нематэрыяльных каштоўнасцяў. Гэта таксама з нашага калектыву. Больш такога абраду, звычая як у вёсцы Пінкавічы на Беларусі не існуе.

Удзельнікі калектыву адзначаюць, што правядуць абрад пры любым надвор’і, бо гэта пашана да продкаў. Цэнтральным месцам правядзення абраду стане пляцоўка каля мясцовай царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Kynicy_Pinkaviczy

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

На здымку: Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Крыніцы» з Пінкавіч.