Фальклорны фестываль памяці Земавіта Фядэцкага



Фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага „Цёплыя вечары ды халодныя ранкі” чацвёрты раз праходзіў у Мажэйкаве на Лідчыне.

Сёлета асаблівы фестываль, бо спаўнілася 100 год з дня нараджэння Земавіта Фядэцкага. Ён нарадзіўся 22 жніўня 1923 года ў маёнтку Лебяда, непадалёк ад Мажэйкава. Тут правёў дзяцінства і перажыў вайну. У 1942-1943 гадах Земавіт Фядэцкі жыў у вёсцы Феліксава. I цяжкія часіны вайны не перашкодзілі яму, акрамя іншых спраў, яшчэ і запісваць у сшытак феліксаўскія песні. Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабой: і праз вайну, і праз пасляваенную разруху.

І радзіма адказала яму такой жа любоўю. У 2017 годзе на Лідчыне быў заснаваны фестываль яго памяці. Пра гэта гаварыла кіраўнік спраў Мажэйкаўскага сельсавета Людміла Роўба адкрываючы фестываль.

Пра зборнік „Беларускія думкі, звычаі, абрады з Лідскага павета” распавёў рэдактар зборніка Станіслаў Суднік, ён жа рэдактар папулярнага на Лідчыне часопіса “Лідскі летапісец”.

А потым адбывалася конкурсная песенная праграма. Сёлета ў ёй бралі ўдзел 17 канкурсантаў. Лепшыя выканаўцы атрымалі ўзнагароды.

Беларускае Радыё Рацыя