Fantastic Swimmers сыгралі ў Варшаве “Вялікі канцэрт #15”
Авант-джазавы ансамбль “Фантастычныя плыўцы” выдаў Concerto Grosso з парадкавым нумарам 15. Новую праграму сыграў змяшаны беларуска-польскі склад калектыву. А менавіта – Якуб Крулікоўскі з Познані (піяна), вяршавякі Ольгерд Долькальскі (труба), Пётр Мэлэх (кларнет і бас-кларнет), Пётр Дамброўскі (перкусія), Вераніка Лось родам з Наваполацку (вакал) ды менчук, стваральнік бэнду Віктар Сямашка (флейта, кларнет).
Віктар кажа: «Усе кампазіцыі, акром апошняй, будаваліся паводле складзеных мною за суткі перад выступам графічных партытураў. Яны і названыя паводле прынцыпу пабудовы: ячэйкі, петлі, гама… Кантраляваная імправізацыя ды спосабы яе кантролю – тое, што мяне зараз найбольш цікавіць. Калі графікі ды інструкцыі падрыхтаваныя, узнікае адчуванне, што канцэрт ужо напалову сыграны. Застаецца толькі напоўніць прапанаваныя формы».
У кампазіцыі “Алігатар” выкарыстаныя дзве фальклорныя песні пра Сонца, развучаныя з плыткі канца 1930-ых гг. У “Інтэрмедыі” Вераніка агучвае па-польску асобныя літары, затым лічбы, пасля колеры. Фінальная і самая працяглая рэч выкананая калектывам без партытураў, цалкам спантанна – “Ad lib”.
Запіс Concerto Grosso #15 “Фантастычных плыўцоў” адбыўся мінулай вясной у варшаўскім клубе Młodsza Siostra. У якасці слухачоў на імпрэзу завіталі дырыжор Warsaw Improvisers Orchestra Рэй Дзікаты, кампазітары Эдвард Сяліцкі і Анджэй Рэйман. Па словах апошняга, канцэрт выдаўся цікавым і разнастайным.
https://fantastic-swimmers.bandcamp.com/album/concerto-grosso-15
VS&Co
Фота – Mirka Gmaj.