„Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць” у беларускай агучцы
Першы бясплатны паказ фільму з агучкай па-беларуску ад ініцыятывы з Менска Gavarun_BY прайшоў у Цэнтры гарадскога жыцця. Аншлаг на дэманстрацыі стужкі „Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць” тлумачыцца рознымі матывамі.
Але пераважаюць зацікаўленасць паглядзець фільм па-беларуску асабліва тым беларусам, якія чуюць мову рэдка.
Расказвае ўдзельніца кінапрагляду:
– Было цікава паглядзець. Беларуская агучка дадае сваю “разыначку” стужцы. Успрымаеш не так як звычайна. Часам не хапае ў паўсядзённым жыцці беларускай літаратурнай мовы. Многія словы, паколькі іх не выкарыстоўваеш, забываюцца, не ведаеш іх значэння. А гэта магчымасць аднавіць свае веды.
Тэхнікай перакладу і агучвання займаюцца прыватныя асобы, што дзіўна ў краіне, якая носіць назву Беларусь, і якая, здавалася б, павінна дбаць пра ўсё беларускае.
А вось гэты фільм быў агучаны пераважна на валанцёрскіх пачатках. Кажа перакладніца Ксенія Капіца:
– Я перакладала дзесьці тыдзень. А ўжо астатнія два тыдні працавалі Gavarun_BY. У іх ужо шмат падобных прац. З майго боку толькі эмацыйныя сілы, час і жаданне. Пэўна для тых, хто агучвае, больш працы. Бо там і над гукам трэба папрацаваць, і ролі прачытаць. Увогуле гэта могуць зрабіць некалькі чалавек, дамовіўшыся. Нейкіх фінансавых выдаткаў няма.
Пасля Менска, у Гародні паволі расце попыт, і што самае важнае, – прапанова на беларускамоўны прадукт у кінематографе. Ужо на наступным тыдні ў кінатэатры „Чырвоная Зорка” пройдзе паказ стужкі „Шторм” з беларускай агучкай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара