Фармацэўт і гамеапат, які любіў Беларусь



Фармацэўту-гамеапату, актыўнаму дзеячу беларускай эміграцыі ў Велікабрытаніі і Бельгіі Лаўрыну Клыбіку (1928-2005) 23 кастрычніка спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння. Ён нарадзіўся на Слонімшчыне ў вясковай багатай сям’і. Бацька да арганізацыі калгасаў меў 25 гектараў уласнай зямлі. Але пасля вайны, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада і пачалі сілаю ўсіх заганяць у калгас, сэрца маладога гаспадара не вытрымала і ён у 1953 годзе памёр. Без бацькі засталіся 6 дзяцей. Лаўрын у гэты час быў ужо за мяжой.

Калі гітлераўцы адступалі, яны забралі вучняў са школы, у тым ліку і Лаўрына. У чэрвені 1944 года іх дэпартавалі ў Нямеччыну, пасля — у Францыю капаць акопы, будаваць лінію абароны супраць амерыканцаў. Але доўга не прыйшлося там працаваць, бо фронт наблізіўся вельмі хутка. Амерыканцы вызвалілі падлеткаў і ўсіх накіравалі ў спецыяльны лагер. Людзей пачалі сартаваць па краінах іх паходжання. Лаўрына палічылі палякам, бо паходзіў ён з Заходняй Беларусі. Польскае войска на Захадзе шукала тады маладых і здаровых людзей, каб пакрыць свае страты ў Італіі. Польскага беларуса залічылі ў войска генерала Андэрса. Адначасова з вайсковай падрыхтоўкай, юнак праходзіў курсы вайсковых радыётэхнікаў. Атрымаўшы дыплом, ён трапіў у танкавую дывізію.

Ваенная завіруха загнала юнака са Слонімшчыны праз Польшчу, Нямеччыну, Італію ажно ў Англію. А пасля дэмабілізацыі ён стаў працаваць у аптэцы памочнікам фармацэўта. Працуючы ў аптэцы беларус заўсёды ўспамінаў Бацькаўшчыну, родную вёску і словы маці: “Вучэцеся, дзеткі, вучэцеся, бо навука – гэта скарб, які ніхто ніколі не забярэ”. І Лаўрын вырашыў вучыцца, атрыліваць адукацыю. Ён пачаў хадзіць на вячэрнія курсы ў Лонданскі “Фінчлі-каледж”. І ў 1952 годзе атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі і выехаў у Бельгію.

У Бельгіі Лаўрын Клыбік паступіў на фармацэўтычны факультэт Лювэнскага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога атрымаў дыплом аптэкара. А потым здаў яшчэ дадатковыя экзамены і стаў працаваць кіраўніком аптэкі ў Бруселі, потым у Мехалене, а ў 1966 годзе адкрыў уласную аптэку. Добры кантакт з кліентамі, карысныя парады аптэкара пачалі прыцягваць людзей.

У 1977 годзе беларус зацікавіўся гамеапатыяй (гамеапатыя – слова грэчаскага паходжання, складаецца з двух слоў: homoios – падобны і рathos – хвароба, што адзначае “лячыць падобным”), паступіў на вячэрнія курсы гамеапатычнай школы ў Бруселі, а праз чатыры гады адкрыў сваю ўласную лабараторыю.

Пасля абароны навуковай працы “Кава і яе ўздзеянне на чалавечы арганізм” Лаўрэн Клыбік быў прыняты ў Асацыяцыю гамеапатаў Бельгіі. Яго праца выклікала вялікую зацікаўленасць у многіх краінах Еўропы. Яна была апублікавана ў медыцынскіх выданнях Францыі, Бельгіі і Беларусі. У 1994 годзе Лаўрын Клыбік выдае працу, прысвечаную праполісу. А ў 1995 годзе выдаецца яго даследаванне “Уплыў радыеактыўнасці на жывыя арганізмы”. Яно выйшла на французскай мове ў Бруселі.

З 1994 года Лаўрын Клыбік часта наведваў сваю Бацькаўшчыну. У 1996 годзе ў Менску ў Скарынаўскім цэнтры ён выступіў з дакладам “Гісторыя гамеапатыі”. У сваім выступленні наш суайчыннік распавёў не толькі пра гамеапатыю ў цэлым, але і пра тое, ці можна гамеапатычнай медыцынай лячыць радыяцыю. Спадар Клыбік распавёў пра тое, як ён у 1994 годзе ездзіў у забруджаны радыёнуклідамі раён Валожыншчыны. Яго і калег па даследаваннях шчыра сустракалі ў Валожынскай бальніцы і стварылі ўсе ўмовы для працы. Там Лаўрын Клыбік апраменьваў сваёй лактозай ваду і алкаголь. А потым у Бруселі ў сваёй лабараторыі прыгатаваў гамеапатычнае лякарства. Назваў яго RAČК (радыеактыўная чарнобыльская катастрофа). Спадар Клыбік тады казаў: “RAČК дае надзею, хоць пакуль і невялікую, што выбраны метад гамеапатычнага лячэння ракавых захворванняў можа быць карысным. Гэты метад яшчэ ў зародачным стане. Яго трэба развіваць супольнымі сіламі шматлікіх лекараў, працавітых і сумленных, напоўненых ідэалам знайсці дапамогу фізічную і маральную для людзей, якія пацярпелі ад чарнобыльскай трагедыі. Адзін чалавек у гэтай галіне фізічна не ў стане выканаць заданне…”. Спадар Клыбік заклікаў супольна змагацца супраць хваробаў ад Чарнобыльскай катастрофы. Але час на Беларусі хутка памяняўся і да прапаноў беларускага суайчынніка ніхто не прыслухаўся і не падтрымаў.

У 1997 годзе Лаўрын Клыбік прымаў удзел у Другім з’ездзе беларусаў свету. Ён валодаў беларускай, расейскай, нямецкай, англійскай, польскай мовамі. А каб вывучыць яшчэ і кітайскую, адкрыў рэстаран, запрасіўшы кухара з Кітая. На reception у яго рэстаране, а таксама ў аптэцы, заўсёды вісела мапа Беларусі, дзе была адзначана яго родная вёска. Ён ганарыўся Беларуссю і тым, што беларус.

Беларускае Радыё Рацыя