Фатограф Сцяпан Рудзік – “пра Украіну вялікімі літарамі”



Сцяпан Рудзік – украінскі фатограф, які цяпер жыве ў Польшчы. У Віцебску ў межах 4-га Міжнароднага фестывалю “ФотаКрок” экспануецца ягоная выстава “УКРАІНА”.

Аўтар падкрэслівае, што менавіта так, вялікімі літарамі, назваў свой фотапраект, хаця на кожным здымку, здаецца, няма нічога надзвычайнага:

– Можна там знайсці палітыку, але думаю, гэта ўсё – пра простых людзей, пра простае жыццё. Вось ёсць фотаздымак, на ім бабуля, сталая жанчына, абгорнутая ўкраінскім сцягам, на галаве ў яе – рондаль, на ім – выява Юліі Цімашэнка. Гэта такі сімвал. Для мяне фатаграфія – гэта адчуванне Украіны. Сам я там нарадзіўся, там жыў. Для мяне гэта родная , прапушчаная праз сябе тэма.

У экспазіцыю ўваходзяць 39 фотаздымкаў Сцяпана Рудзіка, гэта творчыя працы, знятыя ў перыяд з 2004 да 2016 году. Нягледзячы на тое, што фатограф 5 гадоў як жыве ў Польшчы, ён часта прыязджае на Радзіму і здымае там свае праекты.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск