Фэст беларускай патрыятычнай песні адбыўся на Лідчыне
У аграсядзібе “Гасціна”, што на Лідчыне, прайшоў традыцыйны ўжо Фэст беларускай патрыятычнай песні.
Як і мінулыя тры разы фэст прымеркаваны адмыслова да Дня беларускай вайсковай славы, калі ўзгадваецца легендарная перамога войскаў ВКЛ над маскоўскім войскам у бітве пад Воршай у 1514 годзе. Пра важнасць правядзення такога фестывалю гаворыць адзін з яго арганізатараў, кіраўнік грамадскай ініцыятывы “Спадчына” Сяргей Трафімчык:
– Сёлетні фэст ужо чацвёрты па ліку. Ладзіцца фэст у гонар перамогі пад Воршай да Дня беларускай вайсковай славы. Наша мэта – прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай даты, да беларускай гісторыі. Запрашаюцца розныя выступоўцы, як паэты, так і музыкі, спевакі. З кожным годам аўдыторыя пашыраецца. І спадзяемся, што гэты фэст стане больш шырокім, больш масавым і займее, магчыма, агульнанацыянальны водгук.
А напярэдадні фестывалю гарадзенскімі і лідскімі грамадскімі актывістамі быў усталяваны і асвечаны памятны шасціканцовы крыж у мястэчку Беліца, што на Лідчыне.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя