Фэст “Каго любіш? Люблю Беларусь” пакуль без памяшкання



Вялікі канцэрт з удзелам Лявона Вольскага і “Крамбамбулі”, гуртоў Neuro Dubel, Akute, Dzieciuki, Vuraj, “Крама” ды іншых зорак айчыннай сцэны плануецца на 25-га сакавіка. Пакуль жа арганізатары імпрэзы атрымалі ліст з Палаца спорту, што ў будынку адбылася “ўцечка этыленгліколю”, а рамонтныя працы будуць праводзіцца акурат у перыяд з 21 па 30 сакавіка. Каментуе кіраўнік “Арт-сядзібы” Павел Белавус, арганізатар канцэрту:

– Цікава, што нідзе па СМІ, ні ў зводках пажарнікаў інфармацыя не праходзіла пра тое, што вось такая аварыя адбылася. Выглядае ўсё гэта дзіўным, бо калі б мы прачыталі, што сапраўды такая аварыя адбылася, то яе трэба тэрмінова ліквідаваць, а яе будуць ліквідаваць менавіта ажно праз месяц, і будуць цэлы тыдзень ліквідаваць. Гэта выклікае адразу сумневы: чаму гэта нельга зрабіць за дзень, чаму нам не прапанавалі іншую дату? Зразумела, што ўсе гэтыя пытанні ў нас узнікаюць.

Павел Белавус кажа, што арганізатары паспрабуюць дазнацца, хто насамрэч замінае ў правядзенні фэсту. Раней арганізатары ўжо разаслалі лісты кіраўнікам шэрагу дзяржаўных ведамстваў і міністэрстваў, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта, у якім патлумачылі мэту канцэрта — ушанаванне 98-х угодкаў БНР у межах Года культуры ў Беларусі. Цяпер “Арт-Сядзіба” чакае адказаў на гэтыя лісты.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя