Фэст “Разам” аб’яднаў грамадскіх актывістаў з трох раёнаў Віцебшчыны



Фэст “Разам” на Лепельшчыне аб’яднаў грамадскіх актывістаў з трох раёнаў Віцебшчыны. Туды з’ехаліся аматары беларускасці, каб патанчыць, паспяваць,  паўдзельнічаць у паганскім абрадзе ў гонар багоў Велеса і Мокашы, пазнаёміцца ды проста адпачыць.

Па словах аднаго з арганізатараў фэсту Андрэя Каротчыка, гэты паганскі  абрад праводзіцца як даніна і падзяка зямлі.

— Абрад старажытны, звычайна праводзіцца на праваслаўнага святога Мікалая, а па паганскім календары гэта будзе дзень Велеса і Мокашы. Калі святкуецца дзень зямлі нават нельга было араць, капаць ды турбаваць яе. А выказваць ёй падзяку і пашану за тое, што яна нас спарадзіла, дае нам жыццё, мы з яе пачынаем і зноў у яе вяртаемся.  

Другі год запар фэст “Разам” на сваёй сядзібе ў Малых Пышнагорах ладзіць лепельскі грамадскі актывіст  Зміцер  Судак разам са сваімі аднадумцамі. Падчас сёлетняга фэсту арганізатары нават уручылі статуэтку “Узнагарода літвінаў-2017” настаўніку гісторыі і краязнаўцу з Лепельшчыны Валеру Тухта. 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара