Фэст тэатральнага мастацтва ў цэнтры Гародні



У цэнтры Гародні два дні запар 29-30 ліпеня праходзіў фэст тэатральнага вулічнага мастацтва.

Імпрэза пачалася відовішчным шэсцем тэатральных калектываў, якія прадстаўляюць розныя галіны мастацтва. Каб паказаць свае выступы ў Гародню завіталі некалькі соцень артыстаў з пяці краін свету.

Пра Біг-міні-фэст распавядае адзін з арганізатараў Сяргей Іваноў:

— Больш за 300 удзельнікаў з пяці краін у гэтыя суботу і нядзелю былі ў Гародні. Было вельмі цікава, эксперыментальныя тэатры пластыкі, танца, агню. Шмат калектываў прыехала з Расеі. Больш за 10 жывых статуй. Гэта вельмі добра для Гародні, бо добра і турыстам бачыць, што Гародня як еўрапейскі горад жыве як у Еўропе.

Найбольш цікавым і запамінальным прадстаўленнем у першы дзень дзень фэста выў выступ студыі Варгін з Менска.

Кажа кіраўнічка студыі Юлія Халькова-Гармаза:

— Прадстаўлялі інтэрактыўную праграму «Лаўка дзіваў» ў нашай лаўцы, дзе можна было ўбачыць апошніх у свеце міфалагічных істот, якіх мы збіралі з усіх канцоў свету. У нас нават ёсць птушка з нябеснага востраву, у нас ёсць жалезны чалавек, які некалі жыў на балотах. Таксама мы праводзілі Школу паляўнічых на монстраў, бо наш падложкавы монстр надта разбушаваўся, і мы тут усе разам не маглі утаймаваць яго. Нават цяпер, калі мы скончылі праграму, да нас яшчэ падыходзяць маленькія «выпрабаванцы» нашай школы.    

Каб убачыць прадстаўленні артыстаў у цэнтр горада выбраліся некалькі тысяч гарадзенцаў, а першы дзень фэсту скончыла вогненнае шоу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня