Фэст у гонар Святой Ганны
Фэст у гонар Святой Ганны адбыўся ў Лучаі Пастаўскага раёна. Урачыстую імшу ў касцёле цэлебраваў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.
У час свята адбылося асвячэнне аўтатранспарту праз заступніцтва святога Крыштафа, апекуна вадзіцеляў і пілігрымаў. Дзеля гэтага ў Лучай з’ехаліся аўтааматары і байкеры з Пастаўскага і суседніх раёнаў.
Кажа задумца і арганізатар разнастайных фэстаў у Лучаі ксёндз Мікалай Ліпскі:
– Бывае так, што спантанна нешта атрымаецца, нехта нешта параіць, думаеш нейкі час як гэта ажыццявіць, і нешта з гэтага атрымоўваецца. Усё робіцца на хвалу Божую і для людзей. А ўжо як атрымоўваецца, то ацэньваюць тыя, хто прыязджае, разам з намі святкуе, моліцца і духоўна і культурна адпачывае.
Вернікі прайшліся з працэсіяй вакол касцёла, біскуп Аляксандр Яшэўскі асвяціў барэльефы з біблейскімі выявамі святых.
Скончыўся фэст канцэртам, у якім прынялі ўдзел акардэаніст-віртуоз Дзмітрый Корсак, спевакі Лявон Вольскі, Валянціна Альшанская і іншыя. Фаер-шоў і феерферк падагульнілі свята.
[Not a valid template]
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара