Фэст у гонар Яна Развадоўскага ў Баранавічах



У сядзібе Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы ў межах кампаніі Асамблеі НДА адбыўся святочны фэст у гонар 160-годдзя заснавальніка Баранавічаў Яна Развадоўскага, які быў паяднаны з 25-годдзем Таварыства беларускай мовы.

Фэст, на якім прысутнічалі мясцовыя актывісты, аматары роднай мовы і гісторыі і проста жадаючыя з цікавасцю правесці выходны, прайшоў на высокім узроўні.

Прысутныя пачулі пра Яна Развадоўскага, паглядзелі слайды з матэрыяламі пра яго жыццё і жыццё ягоных нашчадкаў. Адбыўся канцэрт беларускай музыкі і песні. Атрымалі ўзнагароды пераможцы віктарыны, прысвечанай Развадоўскаму. А таксама адзначаны Ганаровымі граматамі Вячаслаў Сухарэбскі і Ганна Аніскевіч за вялікую работу па захаванні роднай мовы. Кажа арганізатар фэсту старшыня філіі Віктар Сырыца:

– Дзяржаўныя структуры зусім праігнаравалі гэтую падзею. Сказалі, што артыкул напішуць, правядуць экскурсіі, але сур’ёзных мерапрыемстваў з гэтай нагоды для заснавальніка горада яны не запланавалі. Таму грамадскасць сама вырашыла правесці фэст. І правесці яго так, каб людзі даведаліся пра жыццё і дзейнасць заснавальніка горада Баранавічы.

Прысутныя на фэсцэ лічаць за гонар свой удзел у шанаванні імя Яна Развадоўскага і роднай мовы:

– Мяне завуць Ядвіга Малашчанка. Я цікаўлюся беларускай гісторыяй, знакамітасцямі і беларускай мовай. Бо беларуская мова – гэта самая прыгожая мова ў свеце.

Сухарэбскі Вячаслаў Іванавіч:

– Рады, што напрыканцы майго жыцця з’явілася нешта ў нашай беларускасці, у нашай вёсцы. У нас цудоўны музей этнаграфічны.

– Тут збіраюцца ўсе тыя, каму неабыякавая нашая мова.

У канцы свята госці пачаставаліся юшкай, блінамі і кашай. Прыгатаваў абед былы повар, прадпрымальнік Мікола Чарнавус.

[Not a valid template]

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы