Фестываль арганнай і камернай музыкі ў Гародні (абноўлена)
У Гародні пачаўся ІІ Міжнародны фестываль арганнай і камернай музыкі. На працягу двух тыдняў у лютэранскай царкве святога Яна пройдзе адзінаццаць канцэртаў, у якіх прымуць удзел музыкі з пяці краін. Першым у межах фестывалю выступіў вядомы расейскі арганіст Міхал Мішчанка, у выкананні якога прагучалі творы Баха, Айнэма, Хубера і Бурдона.
Як зазначае ініцыятар правядзення фестывалю, пастар лютэранскай кірхі Уладзімір Татарнікаў, не можа не цешыць той факт, што з кожным годам мерапрыемства набывае ўсё большую вядомасць:
– Я думаю, гэты фестываль стане штогадовым. Прынамсі, мы плануем правядзенне трэцяга фестывалю. Наступны год вельмі важны для лютэранскай царквы – гэта 500-годдзе рэфармацыі. У Нямеччыне гэты год абвешчаны годам рэфармацыі. І я спадзяюся, што ў наступным годзе і мы будзем пад гэтай маркай праводзіць фестываль арганнай музыкі. Ужо вядзем перамовы з вядомымі арганістамі і музыкантамі з Нямеччыны.
Міхаіл Мішчанка – арганіст, музыказнаўца, дацэнт Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі:
– Канцэрт у лютэранскай кірсе – гэта вельмі натуральна. Царква спявае. Марцін Лютэр, які быў заснавальнікам гэтай царквы, заўсёды вітаў любую музыку ў храме.
Барыс Барынаў – альтыст з Санкт-Пецярбурга:
– Мы стараемся прывозіць якасную і незвычайную музыку. Гародні пашанцавала: гарадзенскія гледачы могуць пачуць у адным месцы вось так канцэнтравана штосьці незвычайнае ці абсалютна адмысловае.
Правядзенне фестывалю стала магчымым дзякуючы падтрымцы фондаў Брытэна і Пірса, Готфрыда фон Айнэма і Гэрберта Хаўэлса. Менавіта яны ўзялі на сябе выдаткі, звязаныя з прыездам музыкаў, многія з якіх маюць сусветную вядомасць.
[Not a valid template]
* * *
У Гародні пачынаецца Другі міжнародны фестываль арганнай і камернай музыкі.
На працягу двух тыдняў у памяшканні лютэранскай кірхі адбудзецца больш дзесяці канцэртаў вядомых выканаўцаў з Беларусі, Расеі, Польшчы, Нямеччыны і Літвы.
Як зазначае ініцыятар правядзення фэстывалю, пастар евангелічна-лютэранскай царквы святога Яна Уладзімір Татарнікаў, правядзенне фэстывалю такога ўзроўню ў горадзе сведчыць пра запатрабаванасць духоўнай музыкі сярод гарадзенцаў і гасцей горада:
– Вельмі шмат жадаючых хочуць прыехаць у горад Гародню, наведаць нас і сыграць на нашым аргане. Вялікае здзіўленне для мяне асабіста ў тым, што вельмі вялікае жаданне людзей прыехаць з розных гарадоў. Людзі абіраюць класічную арганную музыку, людзі патрабуюць гэтай музыкі, патрабуюць такога кшталту фестывалю.
Адкрыццё фестывалю адбудзецца 13 ліпеня а 18 гадзіне ў гарадзенскай лютэранскай кірсе. Першыя пяць дзён выступы будуць мець расейскія музыкі на чале з вядомым арганістам з Пецярбурга Міхаілам Мішчанкам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня