„Бардаўская восень” пасля доўгага перапынку вярнулася ў Орлю
Другі дзень фестывалю беларускай аўтарскай песні „Бардаўская восень” прайшоў сёлета ў Орлі.
На сцэне мясцовага Дома культуры выступілі Алег Кабзар, які выканаў у тым ліку песні на вершы мясцовых паэтаў, Зміцер Вайцюшкевіч і WZ трыа, а таксама адбылася дыскусія пра беларускую падляшскую літаратуру, якую правялі Мікола Ваўранюк ды Андрэй Сцепанюк. Гаворыць суарганізатар фестывалю ад фонду „Тутака” Зміцер Косцін:
– „Бардаўская восень” ад моманту, калі пачала выязджаць у малыя мясцовасці на Беласточчыне, адразу завітала ў Орлю. Тады Орля была такім даволі кліматычным месцам, бо канцэрты адбываліся ў сінагозе, яшчэ можна было туды ўвайсці. Мы вельмі цешымся, што мы вярнуліся ў Орлю. Нягледзячы на тое, што гаворыцца пра тое, што беларуская бардаўская музыка мала каго цікавіць, усё ж сярод арлянцаў і не толькі, бо прыехалі людзі з Бельска, з Гайнаўкі, з Беластока, мае сваіх прыхільнікаў і гэта вельмі цешыць.
Сёння ж фестываль завершыцца на сцэне беластоцкага Тэатра лялек. Дзе, між іншым адбудуцца прэм’еры спектакля „Святло ў цемры” ад Тутэйшага тэатру, а таксама праграмы „Арка” ад музычнага праекта ZUI, і канцэрт гурта :B:N:. Пачатак а 17-й гадзіне.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя