Фестываль беларускага кнігадрукавання ў Лідзе



Фестываль беларускай кнігі «Зоркі лідскіх небасхілаў» прайшоў у Лідзе. Ён быў прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца сёлета.

На імправізаванай святочнай пляцоўцы, каля помніка першадрукару Францішку Скарыне, сабраліся жыхары горада Ліды, артысты, прадстаўнікі выдавецтваў і мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, сярод якіх сваю імправізаваную экспазіцыю разгарнуў таксама і Выдавецкі дом Таварыства беларускай мовы. Кажа яго кіраўнік галоўны рэдактар газеты “Наша слова”, часопіса “Лідскі летапісец” і альманаха “Ад Лідскіх муроў” Станіслаў Суднік:

— У гэты юбілейны год 500-годдзя ў Лідзе працягваюцца мерапрыемствы. Працягваецца праект Лідскага гарвыканкама «Беларусь — наша мова і песня». У ім удзельнічаюць усе, у грамадства, і ўлады, і мастацкія калектывы. І такім чынам прастора Лідчыны напаўняецца беларускасцю. І гэта ўжо бачна.

Сярод іншага, на фестывальнай пляцоўцы сябе таксама прэзентавалі рэгіянальная газета «Прынёманскія весці», Лідская друкарня і Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

[Not a valid template]

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя