Фестываль беларускай аўтарскай песні „Бардаўская восень”
Фестываль беларускай аўтарскай песні „Бардаўская восень” адбываецца ў 28-ы раз.
Першы дзень прайшоў у Бельскім Доме культуры — для слухачоў з праектам „Край” выступіла музыка і спявачка Кацярына Ваданосава.
У наступныя дні „Бардаўская восень” пакрочыць далей — у суботу свята пройдзе ў гмінным асяродку культуры ў Орлі, а скончыцца ў нядзелю ў Беластоку:
– Дзякуй вялікі вам, што наведваеце гэты фестываль, што слухаеце беларускую аўтарскую песню. Гэта вельмі каштоўна, гэта вельмі карысна. Мне падаецца, што беларуская аўтарская песня, гэта як мінімум прыгожа. Яна вельмі яскрава адлюстроўвае тое, што адбываецца зараз з намі, што адбываецца на нашай Радзіме, тое што нам баліць, тое пра што мы марым, тое чаго мы ўсе чакаем.
Сярод гасцей „Бардаўскай восені” — бард Алег Кабзар, гурты Relikt, WZ Trio, B:N, а таксама акцёр Міхаіл Зуй.
Сёлетні фестываль пакіне ў наведвальнікаў выдатныя ўспаміны. Але нягледзячы на яскравыя і кранальныя выступленні музыкаў, фестываль асірацеў — у гэтым кастрычніку не стала паэткі Надзеі Артымовіч, якая штогод удзельнічала ў „Бардаўскай восені”.
Музыка Алег Кабзар паспеў стварыць з Надзеяй супольны праект „Бераг”, апрацаваўшы вершы паэткі і паклаўшы іх на музыку:
– Я пачаў кампанаваць на яе тэксты і музыку. Тэксты, трэба сказаць, гэта белая паэзія, гэта паэзія без рыфмы, але ў ёй ёсць рытм, нейкая экспрэсія, нейкая матэматыка сусвету, космасу, ну і напісалася. Напісалася праз гады. На сённяшні дзень ужо 12 кампазіцый. Гэта працэс многіх гадоў нашай супольнай знаёмасці.
Упершыню музычна-паэтычны праект „Бераг” быў прадстаўлены на фестывалі „Бардаўская восень” у 2010 годзе. Алег Кабзар адзін з нямногіх, каму ўдалося спалучыць вершы Надзеі з музыкай.
Беларускае Радыё Рацыя