Фестываль “Бэзавая ластаўка” у Пінску
Таленавітая моладзь Берасцейшчыны з асаблівасцямі развіцця прадстаўляе свае здольнасці ў Пінску. Горад над Пінай прымае традыцыйны травеньскі фестываль “Бэзавая ластаўка”, які сёлета праходзіць сёмы раз.
Галоўная мэта – даць магчымасць маладзёнам з абмежаванымі магчымасцямі паказаць грамадскасці, што нягледзячы на нейкія фізічныя праблемы, яны – звычайныя людзі. Каардынатар фэсту, старшыня пінскай арганізацыі “Ветразь” Васіль Грышко, паведаміў, што арганізатары вельмі падтрымліваюць дэбютантаў:
– Прыярытэт аддаём тым, хто ўпершыню выступае на сцэне. Што тычыцца традыцый, то як заўжды праходзіць выстава-продаж творчых прац, праводзіцца конкурс малюнкаў на асфальце для самых маленькіх, завяршае фестываль – канцэрт.
Фестываль праходзіць у Пінскім гарадскім парку культуры і адпачынку, куды з’ехаліся ўдзельнікі са Століна, Драгічына, Лунінца ды Іванава.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота media-polesye.by