Фестываль ідэй “Абдзіраловіч”
У менскай Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” распачаў сваю працу інтэлектуальны форум, арганізатарам якога выступіў Беларускі калегіюм. Падчас фестывалю плануецца адказаць на адвечныя беларускія пытанні: „Што нам рабіць з краінай?”, „Як пачаць думаць?” і абмеркаваць „Плыні свядомасці ў культурным полі”. Мікрафон апынецца ў моцным мыслярскім полі: выступяць Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Максім Жбанкоў, Марыя Мартысевіч, Сяргей Пукст і многія іншыя.
Пра мэту фестывалю “Абдзіраловіч” расказвае культуролаг і журналіст Максім Жбанкоў:
– Галоўная мэта – стварыць крытычную масу сучаснага беларускага мыслення. Паказць тую абойму выбітных аўтараў, прыгожых інтэлектуалаў, яскравых стылістаў, якая, на жаль, не вельмі бачная ў наяўным культурніцкім ландшафце. Зрабіць больш выразным і моцным тое, пра што варта казаць: прысутнасць беларускіх інтэлектуальных эліт у беларускім культурным полі.
Фестываль ідэй “Абдзіраловіч” плануецца зрабіць штогадовым. І ладзіць у межах падрыхтоўкі да святкавання 125-й гадавіны з дня нараджэння філосафа Ігната Абдзіраловіча.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота journalby.com