Фестываль інтэлектуальнай кнігі „Прадмова” пачаўся ў Менску



Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі распачаўся ў менскай арт-прасторы Ок16. Кажуць удзельнікі ягонай першай дыскусіі літаратары Алесь Разанаў, Людміла Рублеўская, а таксама адзін з арганізатараў фестывалю Павел Баркоўскі.

Павел Баркоўскі: І ў нас ёсць вялікая фестывальная праграма, у межах якой вы можаце знайсці мерапрыемствы на густ кожнага чалавека. Ёсць забаўляльныя мерапрыемствы, ёсць мерапрыемствы інтэлектуальныя, якія будуць вас змушаць трошкі задумацца, але, спадзяюся, гэта будзе на вашу карысць. Таксама вы можаце пабачыць і набыць для сябе ўсе навінкі беларускіх выдаўцоў. Таксама ў нас ёсць частка, якая паказвае сучасную беларускую кніжную ілюстрацыю. У нас ёсць таксама тэатральная зона, у якой паказваюць спектаклі, прысвечаныя кніжным падзеям.

Людміла Рублеўская: Мне падабаецца метафара, калі літаратуру параўноўваюць з тымі канарэйкамі, якіх шахцёры бралі ў шахты. А бралі яны чаму? Таму што калі ў шахты пачынае паступаць атрутны газ, то чалавек гэтага не адчувае. А першай адчувае канарэйка. Ну яна першая ж і здохне. Але менавіта вось гэтая адчувальнасць, па-мойму, і павінна вызначаць сапраўднага творцу. І калі ў дадзенай прасторы ўзнікаюць менавіта вось такія ментальныя крызісы, натуральна літартура іх адлюстроўвае. І калі ў гэтай нашай прасторы ўвесь час паўстае пытанне з самаідэнтыфікацыяй, з захаваннем культурнай самабытнасці, натуральна, што літаратура на гэта адгукаецца. Гэта не ёсць выключнай асаблівасцю беларускай літаратуры. Гэта проста ўласцівасць сапраўднай літаратуры і творцаў увогуле.

Алесь Разанаў: Чым адрозніваецца беларуская літаратура ад астатніх літаратур? Можна знаходзіць адрозненні, якія набеглі з часамі, былі розныя ўмовы існавання. Творцы былі пастаўлены таксама ў няроўныя ўмовы. Некаторыя літаратуразнаўцы казалі: ну вось, калі глядзець на Зямлю, то вось захад, вось усход, поўдзень, поўнач. І ў залежнасці ад тэрыторыі, там пануе своеасаблівы клімат. І ў залежнасці ад гэтага клімату, там вырастаюць своеасаблівыя зёлкі, кветкі. Адны любяць больш поўнач, другія поўдзень, захад, усход. Ну гэта такія як бы вонкавыя атэстацыі. А самая першая атэстацыя, што айчынная літаратура, беларуская літаратура, яна свая. Чыннік – „сваё”. Чыннік „сваё” вельмі істотны. Ён усеабдымны. Чыннік „сваё”, ён быў напачатку, быў спярша, і потым свядомасць пачала пазнаваць і распазнаваць свет. Ужо пасля гэтага чынніка „сваё”. Перад тым, як свядомасць пачала пазнаваць і распазнаваць свет, „сваё” ўжо ўвесь гэты свет мела.

Асноўная ідэя фестывалю інтэлектуальнай кнігі палягае ў неабходнасці для Беларусі мець уласны фармат мерапрыемства, прысвечанага кнізе, “што вучыць думаць”, як сродку ўзмацнення і развіцця інтэлектуальнага асяроддзя краіны.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск