Фестываль „Камяніца” адзначыў 10-годдзе
У музеі народнай архітэктуры і побыту пад Менскам прайшоў дзясяты этна-фестываль «Камяніца». Па падліках арганізатараў юбілейны фэст наведала каля чатырох тысяч чалавек.
«Гэты фэст нарадзіўся з ўласнага захаплення фолк-музыкай», – кажа каардынатар фестывалю Алег Пашак :
– «Мы хочам, каб чалавек апрануўся ў нацыянальны строй хаця б раз на год. І прыйшоў сюды менавіта ў гэтым месцы, сярод гэтай вёскі і з гэтай музыкай адчуў сябе беларусам. Хоць калі-небудзь, але паўнавартасным беларусам. Першыя два фэсты былі даволі маленькія – у нас было тысяча ці паўтары тысячы наведвальнікаў на той час. Я ніколі не думаў, што буду рабіць дзясяты фестываль».
Каб заахвоціць людзей далучацца да нацыянальнай культуры, арганізатары вярнулі ранейшую традыцыю – наведвальнікі ў нацыянальных строях маглі прайсці на мерапрыемства бясплатна.
Гэтым годам на фестывальную сцэну „Камяніцы з Банкам БелВЭБ” выйшлі гурты, якія даўно сталі сімваламі беларускай музыкі. Сярод выступоўцаў былі «Стары Ольса», этна-трыа «Троiца», дуэт Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна, а таксама Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra.
Падчас свайго выступа Лявон Вольскі ды Павел Аракелян запрасілі смелых дзяўчат на сцэну, каб праспяваць разам. Музыкі жартоўна назвалі гэты дзявочы хор «Камянічкай».
Дзея фэсту была традыцыйна падзеленая на некалькі зонаў. Апроч галоўнай сцэны, на ўзгорку фестывальнай паляны размесцілася інтэрактыўная пляцоўка, дзе ладзіліся танцавальныя майстар-класы, выступы аўтэнтычных гуртоў з розных рэгіёнаў Беларусі ды спеўны сход.
Адметнасцю гэтай «Камяніцы» стаў канцэрт лірнікаў і знаёмства з даўняй традыцыяй вандроўных музыкаў-старцаў, якая ад сярэдзіны мінулага стагоддзя была перарваная. Канцэрт «Лірніцкі пагост», а таксама выступ гурта «Мярэжа» прайшлі на адмысловай сцэне ў царкве.
Да ўдзелу ў юбілейным фэсце далучыліся і замежныя госці – фолк-гурты Joryj Kloc (Украіна) і «Тесто» (Расея).
Фіналам дзясятай «Камяніцы» стаў выступ беларускага фолк-метал бэнда Trollwald (былы Litvintroll).
Сярод іншых забаў госці фэсту маглі набыць вырабы рамеснікаў ды паўдзельнічаць у шматлікіх майстар-класах.
[Not a valid template]
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтаркі