Фестываль кнігі #ЧытайГомель



Прэзентацыя курсаў “Мова Нанова”, дзіцячы спектакль ад праекта “Альтанка для чытанкі” і экскурсія пісьменніка Сяргея Балахонава па мясцінах літаратурнага персанажа Лазіка Ройтшванеца – у Гомелі праходзіць фестываль кнігі #ЧытайГомель.

На адкрытай пляцоўцы ля Абласной бібліятэкі цягам некалькіх гадзін адбываюцца мерапрыемствы, мэтай якіх з’яўляецца папулярызацыя чытання сярод гараджанаў. Адметнасцю фэста сталася заўважная прысутнасць беларускамоўных імпрэзаў і выдавецтваў.

Супрацоўніца прыватнага выдавецтва “Барк” Ксенія Чындарава перакананая, што беларускамоўная кніга запатрабаваная сярод чытачоў.

– Кнігі зараз людзі, канешне ж, чытаюць. Можа толькі з папяровага фармату больш перайшлі на электронны. І на беларускія кнігі таксама попыт ёсць. З намі нескладана супрацоўнічаць у тым выпадку, калі чалавек піша добрую літаратуру. Мы выдаем толькі тое, што сапраўды лічым за літаратуру. Па-беларуску мы выдаем вельмі ахвотна. Абмежаванні ёсць толькі ў тым, што няшмат аўтараў піша па-беларуску.

Фестываль  кнігі #ЧытайГомель праводзіцца з ініцыятывы Гомельскай абласной бібліятэкі. У праграме мерапрыемства – прэзентацыі бібліятэк рэгіёна і экспазіцыі выдавецтваў, спектаклі і літаратурныя экскурсіі.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель