Фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» пройдзе ў новым фармаце
Фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» сёлета пройдзе чарговы раз, але ў новым фармаце. Традыцыйна гэтае мерапрыемства аб’яднае аматараў кніг і тых, хто іх стварае. Пройдуць круглыя сталы, выстаўкі і прэзентацыі. Аднак наведаць іх непасрэдна ў дзень свята аўдыторыя зможа анлайн.
Рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Вікторыя Лукашутэ адзначае:
— Упершыню «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» прайшлі летась. Ініцыятыву Міністэрства інфармацыі падтрымалі на розных узроўнях. Фестываль выклікаў цікавасць як з боку ўдзельнікаў мерапрыемства, так і з боку турыстаў, гасцей Мірскага замка. Таму мы вырашылі гэтую традыцыю працягнуць і спадзяёмся, што яна будзе жыць яшчэ шмат гадоў. Мы мелі шмат задумак, але, на жаль, эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў нашы планы. Таму сёлета фестываль пройдзе ў новым фармаце. Будзе мерапрыемства для невялікай колькасці людзей, у тым ліку мастакоў, гісторыкаў, пісьменнікаў.
Таксама ў рамках фестывалю пройдуць два круглыя сталы, адзін з якіх непасрэдна прымеркаваны да 20-годдзя ўключэння Мірскага замка ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама самыя розныя выстаўкі кніг, дзе будзе магчымасць азнаёміцца з гісторыяй беларускага кнігадрукавання, з дзіцячай графікай, з беларускім экслібрысам. Усе мерапрыемствы будуць праходзіць анлайн, і любы ахвотны зможа сачыць за падзеямі на сайце Дома прэсы. Па выніках таксама зробяць відэа, якое размесцяць на сайце Мірскага замка ў спецыяльнай укладцы. Там жа ў перспектыве стануць размяшчаць прэзентацыі кніг на гістарычную тэматыку. Дарэчы, напярэдадні фестывалю свет убачылі два выданні — фотаальбом «Мір. Замак» на трох мовах і дзіцячая кніга «Часы. Ці Цім у Мірскім замку» Ірыны Токаравай. Іх прэзентацыя таксама хутчэй за ўсё будзе арганізавана падчас свята.
— Мірскі замак — гэта ў першую чаргу цытадэль, а таксама музей і разам з тым культурна-асветніцкі цэнтр, — кажа дырэктар установы «Музей «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка. Мы цесна супрацоўнічаем з Акадэміяй навук, з Інстытутам гісторыі. Вынікам нашага супрацоўніцтва якраз і з’яўляюцца друкаваныя выданні, навукова-папулярныя кнігі — пра таямніцы Мірскага замка, пра гісторыю яго ўладальнікаў. Мы стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх кніжных кірмашах, і таму вельмі натуральна, што свята гістарычнай кнігі праходзіць у старажытных мурах.
Афіцыйнае ўключэнне-адкрыццё мерапрыемства пачнецца 20 чэрвеня аб 11.00 у фармаце анлайн. А выстаўкі можна будзе наведаць на працягу месяца ў музеі Мірскага замка, які працуе ў штатным рэжыме, прымаючы невялікія эксурсійныя групы.