Фестываль міфалогіі „У госці да Лепельскага Цмока”
Пяты міжнародны фэст “У госці да Лепельскага Цмока” прайшоў у Лепелі. На яго з’ехаліся музычныя калектывы з Беларусі, Эстоніі, Польшчы і Расеі. Асабліва жыхары і госці гораду віталі вядомага музыку Змітра Вайцюшкевіча. Таксама з задавальненнем танчылі разам з іркуцкім гуртом “Крывічы” і слухалі іх беларускія спевы.
Як кажа рэжысёр свята Вольга Маханенка, запрашаюцца толькі беларускамоўныя гурты:
– Для мяне вельмі важна, каб гэта былі беларускамоўныя калектывы. Могуць у любых жанрах, але адзіная ўмова, каб на беларускай мове і выкарыстоўвалі беларускі фальклор як аснову. Усе калектывы, якія ў нас выступаюць, вядомыя ў Беларусі. Ніхто не адмовіў, адбылося ўсё што планавалася, нягледзячы на тое, што надвор’е свой унёсак усё ж такі зрабіла.
Паводле гасцей свята, асабліва замежнікаў, фэст у Лепелі ўражвае сваёй беларускай атмасферай і своеасаблівым каларытам. Ім не хапіла хіба што прыстойных прыбіральняў, сховішчаў ад дажджу, у некаторых былі праблемы з лагістыкай:
– На фэсце другі раз, у мінулым годзе быў, вельмі спадабалася. Праграма добрая, надвор’е не вельмі, але дождж можна перачакаць і ў возеры. Усё добра, усё да лепшага.
– Я глядзела прагноз надвор’я, я ведала, што будзе дождж. Мне падабаецца тое, што людзі не разыходзяцца, яны застаюцца, яны танчаць пад дажджом. Гэта не маленечкі нейкі дождж, а амаль што залева. Людзі ўсё адно вясёлыя, усміхаюцца, спрабуюць нават казаць і адказваць на беларускай мове – гэта прыемна.
Падчас фэсту працавалі творчыя пляцоўкі. Наведвальнікі свята спрабавалі лепельскія прысмакі на кулінарным востраве, набывалі сувеніры ў народных майстроў, знаёміліся з цікавымі турыстычнымі магчымасцямі, каталіся на цеплаходзе. Грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі” сумесна з драматургам Васілём Дранько-Майсюком зладзіла інтэрактыўную гульню для дзетак.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя