Што чакае гасцей першага “Фэсту Уладзіміра Караткевіча”?



Фэст адбудзецца 30-га лістапада, яго арганізатарамі з’яўляюцца беларускі ПЭН-Цэнтр і аршанская філія  Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Паводле кіраўніка філіі Юрыя Нагорнага, ідэя правесці фэст у Воршы, на малой радзіме Уладзіміра Караткевіча, з’явілася ўжо некалькі гадоў таму:

– Мы даўно хочам зрабіць фэст, варты імені нашага класіка, каб прыехалі ўсе ахвотныя з Менску, Віцебску, Гародні і гэтак далей. У гэтым годзе мы паглядзім, якія ў нас ёсць праблемы. І фэст 30-га лістапада будзе як рэпетыцыя перад тым вялікім фэстам, які мы плануем зрабіць на наступны год  – у год 90-годдзя Уладзіміра Сямёнавіча.

Сёлетні фэст будзе вандроўны: ён распачнецца з экскурсіі па мястэчку  Смаляны, а завершыцца ў Воршы, кажа прадстаўніца ПЭН-Цэнтру, пісьменніца Паліна Качаткова (Сцепаненка):

– За ўзор для гэтага фестывалю мы ўзялі літаратурны фестываль “Бязмежжа”, які шмат гадоў праводзіцца на Беласточчыне. Ворша, як і Беласток, – гэта памежны горад, апошні буйны горад на мяжы з Расеяй, і вельмі важна пазначыць тут культурныя межы беларускія.

У праграме фэсту – вандроўка  па Смалянах з каязнаўцам Віктарам Мяжэвічам, экскурсія па аршанскіх мясцінах, звязаных з асобай Уладзіміра Караткевіча, у тым ліку наведванне бацькоўскай хаты пісьменніка з ласкавай згоды яе цяперашняга ўласніка, бізнесмена  Андрэя Балабіна.

Завершыцца фестываль канцэртам  Сержука Доўгушава, у якім прагучаць песні на вершы Караткевіча.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя