Фестываль «Прадмова» пашырае геаграфію і запрашае да ўдзелу творцаў
Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» сёлета адбудзецца другі раз. Наведаць майстар-класы, прэзентацыі новых выданняў ды выступы пісьменнікаў можна будзе з 4 па 7 красавіка ў менскай прасторы ОК16. Але не толькі.
– Сёлета фестывальная пляцоўка не абмяжоўваецца толькі Менскам, – кажа адзін з каардынатараў фестываля Андрэй Хадановіч:
– Увесь сакавік будзе прысвечаны фестывальным мерапрыемствам «Прадмовы» у рэгіёнах. Імпрэзы пройдуць у чатырох, калі атрымаецца – у пяці гарадах. Пачнем ці завершым сімвалічна з «калыскі нашага кнігадрукавання» – Полацка. Таксама ў Гомелі, Гародні і Берасці адбудуцца сустрэчы аўтараў з чытачамі. Такім чынам менскі фестываль апынецца фінішнай кропкай месяца з паловай імпрэзаў, звязаных з „Прадмовай”.
Па задуме арганізатараў на імпрэзах у рэгіёнах разам з мясовымі творцамі выступяць намінанты мінулагодняга шорт-ліста прэміі Гедройца.
– Мы вельі зацікаўленыя, каб мясцовыя аўтары ды арганізатары дадалі ў фестываль штосьці сваё. А таксама, каб у мясцовых аўтараў была магчымасць прадставіць сваю творчасць, у тым ліку і праз розныя формы, калабарацыі з музыкамі, мастакамі ды акторамі, – адзначае каардынатарака фестываля Дар’я Бялькевіч.
Да ўдзелу ў фестывальных імпрэзах у Менску далучацца вядомыя беларускія літаратары, гісторыкі, крытыкі ды мысляры.
Гэтым годам арганізатары вядуць перамовы з шэрагам замежных гасцей. Сярод іх фінская пісьменніка Софі Оксанен, знакамітая сваім раманам «Сталінскія каровы», расейская паэтка Вера Паўлава, пісьменнік ды літаратуразнаўца Віктар Ярафееў, літоўскі паэт і інтэлектуал Томас Венцлова. А таксама ўкраінскі паэт і празаік Сяргей Жадан, падчас фестываля плануецца прэзентацыя перакладу на блеарускую мову яго кнігі прозы «Інтэрнат».
Пляцоўка ОК16 будзе падзеленая на некалькі зонаў. Такі чынам можна будзе спалучыць і правядзенне шматлікіх майстар-класаў, дыскусій, праграму для самых маленькіх наведвальнікаў ды выступы творцаў, а таксама працу кірмаша са стэндамі выдавецтваў.
Асобнай імпрэзай, якая пройдзе ноччу з пятніцы на суботу 5 на 6 красавіка, арганізатары плануюць правесці адмысловую «Ноч кнігі», дзе спалучыцца літаратурная, музычная ды тэатральная праграма.
– Да фестываля плануем стварыць тэматычную літаратурную барную карту. Мне здаецца, наведвальнікам цікава было б паспрабаваць кактэйль «Акудовіч» ці «Бахарэвіч», – распавядае Андрэй Хадановіч.
Матэрыял цалкам слухайце ў далучаным файле:
Адна з важных мэтаў фэсту «Прадмова» – стварыць пляцоўку для камунікацыі паміж усімі ўдзельнікамі літаратурнага працэсу. У мінулым годзе праграма фэсту ўключала больш як 70 імпрэзаў.
Арганізатары заклікаюць творцаў, выдаўцоў ды пісьменнікаў у Менску ды рэгіёнах далучацца да праграмы фестывальных імпрэзаў. Заяўкі на ўдзел можна дасылаць на пошту [email protected]
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
фота аўтара і budzma.by