Фестываль «Прадмова» ў Кракаве (абноўлена)



Нягледзячы на ўсе складанасці, фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбываецца, хоць і за межамі Беларусі. Сёння фестывальны дзень у Кракаве.

«Асабліва мне прыемна, што як і раней у межах «Прадмовы» будуць уручацца і літаратурныя прэміі», – кажа адзін з удзельнікаў фестывалю – вядомы беларускі пісьменнік Уладзіміра Арлоў.

-На маю думку, не ўважаючы на ўсе дыскусіі, якія ішлі вакол фестывалю, я вельмі рады, што перамог здаровы сэнс, што «Прадмова» адбываецца. Такім чынам працягваецца традыцыя, заснаваная ў Менску. Я вельмі ўсцешаны, што на «Прадмове» адбудзецца ўручэнне традыцыйных прэмій – Прэміі імя Алеся Адамовіча і Прэміі імя Францішка Багушэвіча.

Упершыню фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» праходзіць па-за межамі Беларусі ажно ў трох краінах: Грузіі, Польшчы і Літве. Сёння фестывальныя мерапрыемствы адбываюцца ў Кракаве пад дахам Кракаўскага Інстытута культуры «Віла Дэцыуса».

* * *

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» працягвае сваю працу. Гэтымі днямі ён пераехаў з Тбілісі ў Кракаў, дзе праводзіць свае чарговыя мерапрыемствы.

Адна з арганізатарак фестывалю, старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай лічыць, што правядзенне фестывальных мерапрыемстваў за мяжой не адлучае фестываль ад роднай Беларусі.

-Тое, што мы арганізоўваем сёння фестываль фізічна ў іншых краінах, не азначае, што мы адрываемся ад Беларусі. Канешне, мы вельмі шкадуем, што не можам арганізаваць унутры краіны фестываль, паездзіць па гарадах Беларусі. Але галоўнае, што сённяшнія тэхналогіі дазваляюць нам звязацца з кожным чытачом у Беларусі, дасягнуць нават тых месцаў, якія мы фізічна знаходзячыся ў Менску, маглі б не дасягнуць.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» сёлета праходзіць з 4 па 26 чэрвеня на пляцоўках у Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Фестываль уключыў у сябе мерапрыемствы розных фарматаў: ад дыскусій і прэзентацый кніг да літаратурных прэмій і музычных выступаў.

Беларускае Радыё Рацыя