Фестываль “Салаўё” ў Вайцюшках
У сядзібе Вайцюшкі на беразе Нёмана прайшоў традыцыйны музычна-паэтычны фестываль “Салаўё”.
А напярэдадні фесту, там жа на сядзібе, некалькі дзён праходзіў мастацкі пленэр. З вынікамі якога госці пазнаёміліся непасрэдна ў дзень фестывалю. І калі ў мінулыя гады мастацкім матэр’ялам у асноўным быў – камень, то ў гэтым годзе было – дрэва.
Расказвае гаспадар сядзібы і арганізатар фестывалю – музыка Зміцер Вайцюшкевіч:
– Традыцыйна ў Вайцюшках напрыканцы траўня мы ладзім фестываль “Салаўё” і пленэр, дзе мастакі робяць свае працы. У гэтым годзе асноўны матэрыял, як аказалася, гэта дрэва. Выкарыстоўвалі старыя дзверы, бочкі, чуркі бярозавыя і шмат яшчэ чаго. І зрабілі прыгажосць.
У паэтычнай частцы фестывалю свае вершы, творы і пераклады гасцям чыталі – Павел Дарохін, Даша Бялькевіч, Ганна Шакель, Павел Горбач, Міхаіл Валодзін і іншыя аўтары. А ў музычнай частцы зайграў свае песні запрошаны госць фэсту – Сяргей Башлыкевіч і гаспадар сядзібы – Зміцер Вайцюшкевіч.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара