Завяршыўся фестываль „Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова
У Менску завяршыўся Стральцоўскі паэтычны фестываль «Вершы на асфальце». Другі дзень атрымаўся яшчэ больш насычаным рознымі мерапрыемствамі, чым першы. Пачаўся ён круглым сталом, прысвечаным расстраляным паэтам 30-х гадоў. Выступаючы на ім паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла адзначыў, што ўся віна расстраляных паэтаў была ў тым, што яны пісалі менавіта беларускія вершы.
– Давесці гэтыя нявыдадзеныя кнігі да варштата Скарыны – гэта проста наш маральны абавязак. Мы не павінны думаць, ці мяняецца ад гэтага канон літаратуры, ці нешта іншае. Па вялікім рахунку, яны пайшлі на гэтую Галгофу, у гэтыя курапацкія ямы за тое, што былі беларускімі пісьменнікамі. Там ім шылі самыя розныя справы, але асноўная віна была якраз у гэтым. Зачышчалася прастора пасля беларусізацыі 20-х гадоў.
У гэты дзень прайшлі шматлікія прэзентацыі новых кніг. Упершыню ў Беларусі адбыўся батл перакладчыкаў.
Гаворыць мадэратарка перакладчыцкага батлу Даша Бялькевіч:
– На фестывалі памяці Стральцова заўжды вынаходзяцца новыя фарматы, і некалькі гадоў запар быў менавіта паэтычны слэм, батл. А зараз перакладчыкі вырашылі зрабіць перакладчыцкі батл, каб яны маглі паказаць сябе, свае творы і пазнаёміць чытачоў, слухачоў з яшчэ большай колькасцю замежных аўтараў.
У батле ўдзельнічалі тры каманды – «Еўропа», «Сусвет» і «Нобель». За кожную з іх выступалі самыя вядомыя беларускія перакладчыкі. А каманда «Сусвет» нават была ўзмоцнена ўкраінскім пісьменнікам і перакладчыкам Сяргеем Жаданам. Але ўсё роўна перамагчы гэтай камандзе не ўдалося – мацнейшай аказалася каманда «Нобель», у якую ўваходзілі Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Марына Казлоўская, Сяргей Прылуцкі. Пераможцы атрымалі ў падарунак цэлую торбу найноўшых кніг.
[Not a valid template]
Таксама выступілі музыкі Алесь Дзянісаў, Міхаіл Рубін, Міхал Бараноўскі, Уладзь Лянкевіч. Да самага позняга вечара доўжылася «Ноч паэзіі і музыкі», у якой узяў удзел і паэт з Бельска Падляшскага Андрэй Сценанюк.
– Ніколі не выпадала мне ў нечым такім удзельнічаць, дзесьці, можа, толькі ў пакоі, калі быў на З’ездзе беларусаў свету, такая вечарына адбылася, але яна была вельмі прыватная. Выступаць перад такой публікай раней не надаралася, асабліва калі перад табой выступаюць такія тузы, як Арлоў, Някляеў і многія іншыя. Канешне, хваляванне вялікае. Але калі паглядзеў на публіку і адчуў зацікаўленне, то ўжо было крыху лягчэй.
Міжнародны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова – найбуйнейшы паэтычны беларускі фэст. Сёлета ён адбыся ўжо сёмы раз.
[Not a valid template]
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара