Фестываль „Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова



Урачыстае адкрыццё міжнароднага паэтычнага фестываля памяці Міхася Стральцова „Вершы на асфальце” прайшло ў галерэі “ТUT.BY”.

Традыцыйна на мерапрыемства фэсту прыязджаюць паэты з іншых краін, а таксама беларускія літаратары, якія жывуць за мяжой. У гэтым годзе ў вечарынах бяруць удзел творцы з Нарвегіі, Швецыі, Украіны ды Татарстана.

Кажа старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:

– Сем гадоў таму, калі мы абмяркоўвалі ідэю стварэння новага паэтычнага фестываля, у нас была абсалютная згода сярод сузаснавальнікаў адносна таго, хто стане, вядома Міхась Стральцоў. Кожны год геаграфія фестываля пашыралася, яна дасягнула нават Новай Зеландыі. Сёлета да нас прыехалі паэты з Нарвегіі, Швецыі, Літвы і Украіны.  

Падчас імпрэзы арганізатары аб’явілі аб уручэнні новай літаратурнай прэміі – у гонар патрона фэста Міхася Стральцова. Першым лаўрэатам стаў беларускі паэт і празаік Алег Мінкін, які жыве ў Вільні.

Распавядае адна з ініцыятараў стварэння гэтай узнагароды Алена Стральцова:

– Мне вельмі падабаліся яго вершы, яны мне нагадалі такі ж настрой, як у стральцоўскіх. Лічу, што наступным будзе вельмі цяжка ўзяць такую планку, кніга высокага рангу.

Галоўная асаблівасць гэтай прэміі – выданне кнігі пераможца. Такім чынам пабачыў свет зборнік прозы і паэзіі Алега Мінкіна пад назваю „Мяне тут не было”.

На вечарыне ўганаравалі таксама і лаўрэатаў прэміі „Залаты апостраф”. Празаікам года па версіі часопіса „Дзеяслоў” стаў Андрэй Федарэнка.

У намінацыі паэзія адзначаны Анатоль Брусевіч. А ў намінацыі дэбют узнагароду атрымала Марына Булатоўская.

У гэтым годзе арганізатары аднавілі ўручэнне прэміі за высокі ўклад у развіццё сучаснай беларускай літаратуры. Яе атрымаў Алесь Разанаў.

Некалькі гадоў запар на фестываль прыязджае ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан. Нават, сёлятні лаўрэат прэміі Міхася Стральцова, Алег Мінкін прызнаўся, што найбольш чакаў менавіна яго выступа. Разам з перакладчыкам вершаў Жадана на беларускую Андрэем Хадановічам яны зладзілі парнае чытанне на двух мовах.

Фестываль працягнецца ў суботу 17 лютага ў менскім клубе „Грай”. Наведвальнікаў чакае дыскуія пра паэзію 20 – 30-х гадоў мінулага стагоддзя, прэзентацыі новых выданняў, перакладчыцкі батл, а таксама вялікі паэтычна-музычны сэт „Ноч паэзіі” з удзелам беларускіх і замежных творцаў.

Падрабязней слухайце ў далучаным файле:

[Not a valid template]

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск