Філалагічны факультэт прэзентаваў кнігу пра Алега Лойку



На філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта адбылася прэзентацыя ўнікальнай кнігі пра Алега Лойку “Чалавек з сонечнаю ўсмешкай” – былога дэкана філфака БДУ, прафесара, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук.

На прэзентацыю прыехалі былыя выпускнікі факультэта, пісьменнікі, навукоўцы, а таксама выкладчыкі філфака і студэнты.

Прэзентацыю адкрыў доктар філалагічных навук, прафесар, укладальнік кнігі Алесь Бельскі, які адзначыў, што мэта кнігі – стварыць цэласны партрэт Алега Лойкі як вучонага, паэта, аўтара раманаў-эсэ, педагога, выхавальніка творчай моладзі, грамадзяніна і патрыёта сваёй Бацькаўшчыны. “І гэта нам удалося. Таму спадзяёмся , што выданне стане пачаткам і стымулам для далейшага шматаспектнага асэнсавання жыцця, дзейнасці і творчасці Алега Лойкі – выдатнай асобы, вучонага еўрапейскага ўзроўню, таленавітага майстра слова”, – адзначыў Алесь Бельскі.

Пра Алега Лойку шчыра распавядалі дэкан філфака Іван Роўда, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Анатоль Бутэвіч, народны мастак Беларусі Іван Міско, святар Зьніч, былыя сябры ўніверсітэцкага літаб’яднання “Узлёт”, якім кіраваў Алег Лойка – Мікола Мятліцкі, Уладзімір Мазго, Кастусь Цыбульскі, Сяргей Чыгрын, Сяргей Украінка і іншыя.

Да прэзентацыі кнігі была арганізавана выстава кніг Алега Лойкі, паказаны невялікі фільм. Усе аўтары кнігі пра Алега Лойку атрымалі па асобніку ў падарунак.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара