Фільм паводле Быкава атрымаў прыз на фестывалі ў Расеі



Мастацкая стужка рэжысёра Аляксея Туровіча «Жоўты пясочак», знятая паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава, уганараваная на міжнародным кінафестывалі дэтэктыўных фільмаў і тэлепраграм праваахоўнай тэматыкі DetectiveFEST у Маскве.

Беларусь была прадстаўлена ў адзінай, але самай прэстыжнай намінацыі — «Гульнявы фільм дэтэктыўнай, праваахоўнай, ваеннай і антытэрарыстычнай тэматыкі».

Спецыяльны прыз за актуальнасць тэмы, падмацаваны другой статуэткай, дыпломам і капелюшом у стылі прыватнага дэтэктыва, атрымаў Аляксей Туровіч, якога запрасілі на цырымонію закрыцця ў маскоўскі Дом кіно.

Канкурэнцыю беларускай працы склалі 20 поўнаметражных кінастужак з Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы.

У рамках 20-га па ліку фестывалю за прызы ў жанравых намінацыях змагаліся прадстаўнікі 70 краін свету, паведамляе svaboda.org.