Фільм „Першадрук” адкрыў Дні беларускага кіно ў Роўне



Дакументальны фільм беларускіх кінематаграфістаў „Першадрук” адкрыў Дні беларускага кіно ў Роўне (Украіна).

Дакументальны фільм „Першадрук” рэжысёра Ігара Чышчэні, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 25 верасня на адкрыцці мерапрыемства прадставіў кінематаграфіст і прадзюсар, начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы кінастудыі Юрый Ігруша.

„Дзякуючы кіно, людзі з розных краін, якія жывуць на розных кантынентах, абсалютна розных поглядаў, з рознымі ідэаламі і паняццямі, лепш пазнаюць і разумеюць адзін аднаго. А нашы краіны да таго ж аб’яднаны агульнай шматгадовай гісторыяй, агульнымі традыцыямі, мінулым і сучасным. І дзякуючы кіно, дзякуючы такім мерапрыемствам у сферы культуры, мы можам стаць яшчэ бліжэйшымі”, – адзначыў ён.

Дні беларускага кіно сталі часткай пазаконкурснай праграмы II Ровенскага міжнароднага кінафестывалю „Горад мары” („Місто мріі”). Прадоўжацца яны да 29 верасня.

Усяго ў час Дзён беларускага кіно будзе паказана восем дакументальных, дзесяць анімацыйных і дзве мастацкія стужкі. Сярод карцін, якія ўбачаць украінскія гледачы, дакументальны фільм „Фауст Радзівіла” рэжысёра Настассі Мірашнічэнка, мастацкі – „Салодкае развітанне Веры” рэжысёра Аляксандры Бутар, дзе здымаўся вядомы літоўскі акцёр Юозас Будрайціс. У Дні беларускага кіно таксама адбудзецца і прэм’ерны паказ маладзёжнага кінаальманаха „Мы” рэжысёраў-дэбютантаў.

belta.by