Фільм пра Алеся Пушкіна, любоў і новую Беларусь
Дакументальны фільм “Новае неба над новай краінай” здымаўся ў Віцебску, дзе малады мастак Алесь Пушкін пачынаў свой творчы шлях, і ў мястэчку Бобр, дзе жыве цяпер.
Над ягонай хатай заўжды лунае бел-чырвона-белы сцяг, а сам мастак штогод ладзіць для сваіх землякоў народныя святы.
Сёлетняе Купалле і трапіла ў стужку, гаворыць Вольга Прусак, рэжысёрка і сцэнарыстка фільма:
– З дзвюх частак фільм. Першая частка – гэта прагулка з Пушкіным па Віцебску, а другая частка – гэта Купалле ў Бабры. І мы здымалі паралельна, што адбываецца ў сельскім клубе, дзе нейкія дзеўкі спявалі па-расейску, і што адбываецца ў Алеся. Вядома, там было зусім іншае свята!
Асоба Алеся Пушкіна праходзіць скрозь увесь фільм, яднаючы абедзьве часткі. І тым не менш, мастак лічыць, што стужка – зусім не пра яго:
– Гэты фільм – пра любоў. Любоў праз што? Праз звычаі, праз тое, што чалавек прапануе скокнуць разам цераз вогнішча сваім аднавяскоўцам… Гэта мае вельмі сур’ёзны пасыл! Калі я не буду жыць са сваім народам і дарыць яму любоў, то гэта краіна стане чужая, не наша. Яна ніколі не будзе беларускай!
Першымі гледачамі фільма сталі ўдзельнікі мастацкага пленэру, які Алесь Пушкін на мінулым тыдні правёў на Глыбоччыне. Для больш шырокага кола гледачоў стужка “Новае неба над новай краінай” пакуль недасяжная: Вольга Прусак прапанавала “купальскую” частку фільма на расейскі фестываль дакументальнага кіно “Artdocfest”, які мае статус міжнароднага. Калі стужка пройдзе конкурсны адбор, яе ўбачаць гледачы адразу некалькіх краін.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя