Фільм пра леташнія пратэсты ў Беларусі перамог на Варшаўскім кінафестывалі



Фільм беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы “Калі кветкі не маўчаць” перамог у конкурсе дакументальных фільмаў Варшаўскага кінафестывалю. Менавіта на гэтым фестывалі адбылася прэм’ера дакументальнай стужкі пра падзеі жніўня 2020 года ў Беларусі.  

Рэжысёр стаў госцем нашага эфіру, і кажа, што быў так усхваляваны, што нават не пачуў, што казалі чальцы журы:

– Пачуў слова “Беларусь” і пасля ўжо зразумеў, што гэта наш фільм. Далей ужо цяжка было сканцэнтравацца. Можа недзе ў прэсе ці на сайце Варшаўскага кінафестывалю будзе фармулёўка, але так я не магу гэтага аднавіць.

У фільме Андрэй Куціла сканцэнтраваўся на гісторыях жанчын – удзельніц леташніх падзей. Сярод іх і гісторыя яго сястры, – працягвае рэжысёр:

– Мы ведаем, што жанчыны першыя пасля гэтых дзён моцных рэпрэсій і гвалту на вуліцах выйшлі ў ланцугі салідарнасці. І адна гісторыя – гэта гісторыя маёй сястры, якая трапіла таксама як і тысячы жанчын за муры Акрэсціна. І я падумаў, што мушу гэта здымаць далей. Здымаць як яна жыве пасля гэтага. Як гэта траўма, хоць і кароткага знаходжання ў турме, адбіваецца на паўсядзённым жыцці. Шмат хто адчувае гэта і сёння. Хтосьці сядзіць яшчэ ў турмах, хтосьці можа адбыў пару дзён, а хтосьці ўвогуле не быў у турме, але з гэтай траўмай жыве далей. Такім чынам, гэты фільм як бы не проста пра пратэсты, а хутчэй пра жыццё звычайных людзей на тле пратэстаў. Пра тое, што з намі адбывалася ў 2020 годзе.

Андрэй Куціла кажа, што звычайна імкнецца пазбягаць у творчасці непасрэдна палітычных тэм. Але маштаб падзей 2020 года натхніў на тое, каб зафіксаваць усё тое, што адбывалася.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя