Фільм пра пратэсты ў Беларусі трапіў у праграму кінафестывалю ў Канадзе



Дакументальны фільм беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна «Кураж» («Смеласць») трапіў у праграму міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Hot Docs у Канадзе. Пра гэта аўтар карціны паведаміў у сябе ў Facebook.

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян падзяліўся ў сацыяльных сетках, што пасля паспяховай сусветнай прэм’еры на Берлінале фільм «Кураж» працягне фестывальнае жыццё. Яго таксама пакажуць на адным з найбуйнейшых кінафестываляў дакументальнага кіно ў Паўночнай Амерыцы – канадскім Hot Docs.

Галоўныя героі фільма «Кураж» – акцёры Беларускага свабоднага тэатра Марына Якубовіч і Павел Гарадніцкі, а таксама Дзяніс Тарасенка – праходзяць праз самы трывожны час у беларускай гісторыі пачатку XXI стагоддзя. Рэжысёр Аляксей Палуян разам з аператарам Таняй Гаўрыльчык, назіраючы за жыццём герояў, фіксуе важнейшыя этапы беларускага пратэсту: перадвыбарчыя надзеі, брутальныя дзеянні сілавікоў 9-11 жніўня, шматтысячныя мірныя дэманстрацыі, усё мацней і мацней раскручваючыся махавік рэпрэсій.

Фільм пачынаецца з архіўных кадраў пратэстаў 1996 года і заканчваецца прысвячэннем: «Памяці ахвяраў, забітых  рэжымам Беларусі». Раней рэжысёр Аляксей Палуян распавядаў:

— Гэта вельмі асабісты для мяне дакументальны фільм пра трох мастакоў, чалавечымі і прафесійнымі прынцыпамі якіх я захапляюся. У фільме я фіксую рэчаіснасць, у якой яны апынуліся. Героі пражываюць усе эмацыйныя працэсы, знаёмыя кожнаму з нас: ад эйфарыі да безнадзейнасці, ад страху да бясстрашнасці. Мне было вельмі важна зрабіць хроніку ўнікальнага часу мірнага паўстання беларускай нацыі супраць несправядлівасці і прыгнёту правоў чалавека.

tut.by