Фільм, заяўлены ад Беларусі на „Оскар”, дыскваліфікавалі



Выданне Variety піша, што Амерыканская кінаакадэмія зняла вылучаны ад Беларусі фільм Вадзіма Перальмана „Урокі фарсі” з „Оскара”. Згодна з патрабаваннямі прэміі, асноўны творчы ўнёсак у стужку павінны зрабіць жыхары краіны, ад якой ён вылучаецца. „Урокі фарсі” гэтаму патрабаванню не адпавядаюць.

Фільм здымаўся на расейскія і нямецкія грошы амерыканскім рэжысёрам украінскага паходжання, з удзелам аргентынскіх, нямецкіх і расейскіх акцёраў. Здымкі праходзілі ў Беларусі пры ўдзеле „Беларусьфільма”.

Кіно расказвае пра бельгійца габрэйскага паходжання. У акупаванай Еўропе ён аказваецца ў канцлагеры. Каб выжыць, ён выдае сябе за перса. Раптам высвятляецца, што кухар канцлагера марыць пасля вайны з’ехаць у Іран і хоча вывучыць фарсі. Бельгійцу даводзіцца даваць яму ўрокі мовы, якую ён сам не ведае.

Беларускае Радыё Рацыя