Фільм „Жоўты пясочак” паводле твору Быкава выкладзены ў інтэрнэт
Кінарэжысёр Аляксей Туровіч выклаў на YouTube свой мастацкі фільм па апавяданні Васіля Быкава „Жоўты пясочак”.
Рэжысёр, актор, прадзюсер Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Рос без бацькоў у інтэрнаце на Ашмяншчыне. Да войска працаваў трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у Сібіры, кіраваў цягнікамі менскага метрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі „Беларусьфільм”. Як рэжысёр зняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя з іх — „Турма для кума”, „Сынок”, „Яблык Месяца”, „Трэба жыць”. Зняўся амаль у паўсотні стужак, сярод якіх „Анастасія Слуцкая”, „Franz+Polina”, „Ліст да Фэліні”, „Паскораная дапамога”, „Кантракт са смерцю”, „Вам — заданне”, „Жоўты пясочак”.