Фільм „Зялёная кніга” пераклалі на беларускую мову



Адзін з самых яркіх фільмаў мінулага „Оскара” – „Зялёная кніга” – перакладзены на беларускую мову. Убачыць яго ў беларускім дубляжы можна ў менскіх кінатэатрах 8 сакавіка, паведамілі на прадпрыемстве „Кінавідэапракат Мінгарвыканкама”.

Карціна рэжысёра Пітэра Фарэлі заваявала адразу тры прэміі „Оскар-2019” (у намінацыях „Найлепшы фільм”, „Найлепшая мужчынская роля другога плана”, „Найлепшы арыгінальны сцэнар”). Свае галасы героям падаравалі беларускія акцёры. Так, Віга Мортенсена, які сыграў ролю Тоні „Балбатуна” Валелонгі, агучыў акцёр мінскага ТЮГа Ігар Сідорчык. Доктарам Донам Шырлі ў выкананні Махершалы Алі стаў акцёр і рэжысёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Алег Вінярскі, а жонка вадзіцеля загаварыла голасам актрысы мінскага ТЮГа Людмілы Асмалоўскай.

Фільм „Зялёная кніга” заснаваны на рэальных падзеях, апавядае пра падарожжа джазавага піяніста Дона Шырлі і яго кіроўцы і ахоўніка Тоні Ліпа па поўдні ЗША ў 1962 годзе. У шляху яны карыстаюцца так званай Зялёнай кнігай, у якой пазначаны бяспечныя месцы для афраамерыканцаў.

zviazda.by