Фільмы з DOKUDAYS UA можна пабачыць у Гародні
У кіназале Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні адбываюцца кінапаказы дакументальных фільмаў міжнароднага Кіеўскага фестывалю DOKUDAYS UA. На працягу чатырох дзён гледачы маюць магчымасць убачыць 11 стужак маладых кінематаграфістаў з Украіны, Нідэрландаў, Грузіі, Расеі і Вугоршчыны. Кінапаказ дакументалістыкі міжнароднага фестывалю DOKUDAYS UA ладзіцца ў Гародні другі год запар і па словах каардынатаркі праекта Надзеі Чушак з’яўляецца цікавай падзеяй у грамадскім жыцці горада:
– Гэта такое прыватнае кіно. Людзі з цікавасцю прыходзяць, глядзяць, абмяркоўваюць. Гэта сведчыць пра тое, што тэматыка фільмаў вельмі актуальная. Бо пасля Майдану людзі зразумелі, што правы чалавека перадусім. Такое ўражанне, што людзі цяпер хочуць ведаць, што такое правы чалавека і як іх можна абараняць.
Віталь Гуляк:
– Даведаўся, што гэта дакументальныя стужкі пра Украіну, пра Майдан, пра тое, што зараз адбываецца ва Украіне. Я зацікаўлены гэтай тэмай. Мяне гэта вельмі хвалюе. І правы чалавека, зразумела, таксама.
Хрысціна Марчук:
– Тэматыка фільмаў вельмі розная, насамрэч, некаторыя выключна пра абарону правоў, пра нейкія грамадска-палітычныя важныя падзеі, а некаторыя фільмы вельмі чалавечыя – пра каханне, пра сям’ю. Яны тычацца кожнага чалавека.
Міжнародны фестываль дакументальнага кіно DOKUDAYS UA праводзіцца ў Кіеве на пачатку вясны цягам 12 гадоў. Ад 2006 году фестываль – чалец Сеткі фестываляў пра правы чалавека Human Rights Film Network (HRFN). Паказы дакументальных фільмаў у Гародні працягнуцца да 25 чэрвеня. Уваход на паказы вольны, пачатак штодня а 19-й гадзіне.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня