Фінал „Млына моды-2020” пройдзе 30 чэрвеня ў Менску



Фінал рэспубліканскага фестывалю – конкурсу моды і фота „Млын моды – 2020” пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску. У гэты дзень адбудуцца конкурсны паказ беларускіх калекцый фіналістаў фестывалю-конкурсу і цырымонія ўзнагароджвання, а таксама выстаўка работ фіналістаў у намінацыі „Фота”, паведамілі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (НЦМТДМ).

У фінале будзе прадстаўлена 45 калекцый маладых беларускіх дызайнераў з усіх рэгіёнаў Беларусі. „За права называцца лепшымі будуць змагацца 54 дызайнеры і 11 фатографаў”, – адзначылі ў цэнтры. Пераможцаў і прызёраў узнагародзяць дыпломамі і сімваламі фестывалю-конкурсу, падарункамі ад партнёраў-кампаній.

Плануецца прамая трансляцыя фіналу на Voka.tv. „Не толькі прафесіяналы з fashion-індустрыі і знатакі моды ў Беларусі, але і замежныя партнёры „Млына моды” з Расеі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Кітая, Італіі, Швецыі, Даніі, Германіі, Францыі, Сербіі і іншых краін змогуць убачыць конкурсныя калекцыі беларускіх дызайнераў і выбраць іх для ўдзелу ў fashion-праектах у сваіх краінах”, – адзначылі ў НЦМТДМ.

Удзел у фестывалі прымаюць дызайнеры, мадэлі, фатографы, стылісты, цырульнікі, візажысты. Конкурс прадугледжвае намінацыі „Школа моды”, „Майстар моды”, „Фота”, „Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу”, „Топ-мадэль фестывалю-конкурсу”, „Міс-мадэль Беларусі”, „Містар-мадэль Беларусі”.

Арганізатарамі „Млына моды” выступаюць Міністэрства адукацыі і НЦМТДМ. Сярод мэт конкурсу – павышэнне прафесіяналізму моладзі ў галіне моды, дызайну, фатаграфіі, захаванне нацыянальных традыцый і пашырэнне міжнародных сувязей.

belta.by