Фольк-фэст «Камяніца» абвясціў поўную праграму



Дзявяты па ліку фестываль стартуе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Менскам 16 верасня а 12:00. Хэдлайнерамі заяўленыя Shuma (Беларусь), Onuka (Украіна) і Theodor Bastard (Расея).

Музычную праграму пачне малая сцэна, прысвечаная аўтэнтычнаму беларускаму фальклору. Малая сцэна будзе працаваць паралельна з галоўнай. Галоўная ж сцэна адкрыецца а 13:00 выступам фолк-гурту «Варган». Працягнуць праграму «Нагуаль», The Doox (Украіна) і Shaman Jungle. Акрамя гэтага аматараў аўтэнтычнага фальклору ў будынку царквы чакае канцэрт «Аўтэнтычныя спевы Палесся», у якім возьмуць удзел два ансамблі сапраўдных бабуль з поўдня Беларусі. А 18:00 на галоўнай сцэне адбудзецца адзін з галоўных момантаў фестывалю: разам з праектам «Спеўны сход» усе прысутныя заспяваюць некалькі традыцыйных беларускіх песень.

Таксама падчас фэсту адкрыецца кірмаш і забаўляльныя пляцоўкі, пройдуць майстар-класы й выставы.